Музыку Ваданосаву паклікалі ў РУУС на гутарку: «Калі не прыйдзеце самі, дзеці адправяцца ў прытулак»


Музыка, мастачка, вядоўца і былая супрацоўніца БТ Кацярына Ваданосава атрымала пагрозу ад невяромага супрацоўніка РУУС. З іх тэлефоннай размовы не было зразумела нават, куды трэба прыйсці.

«Я нават не ведаю, у якім РУУСе мяне хацелі бачыць. Чалавек і сам не прадставіўся, і не сказаў, адкуль ён. Адразу запытаў, ці не была я на маршы 4.10, я адказала, што ў мяне 2 дзяцей, таму я магла быць дома, і дзеці пацвердзяць. Але мужчына такі аргумент не прыняў, бо дзеці непаўнагадовыя».

Калі Кацярына адмовілася ісці на размову і прапанавала даслаць ёй позву, то яе суразмоўца перайшоў да ціску: «Можа, ён не зразумеў слова «позва», гэта па-першае, бо проста праігнараваў такі мой захад. А па-другое, ён сказаў, што калі я не прыйду, то яны прыедуць пад мой пад’езд і «прымуць» мяне. Я адзначыла, што мы заўжды разам з дзецьмі. На што пачула адказ, што мае дзеці адправяцца ў прытулак».

Музыка Кацярына Ваданосава

Ваданосава звязвае такую ўвагу да сябе з тым, што яна са сваімі сябрамі-музыкамі ўдзельнічае ў дваровых канцэртах:

«Мне нават крыўдна, што выклікаюць за марш. Калі пачалі затрымліваць музыкаў, я думала, што захіну сабой нашу гуслярку, якая ўжо пабывала на Акрэсціна. Але пакуль мною з гэтай нагоды не цікавяцца».

Нумар чалавека, які тэлефанаваў Кацярыне, быў схаваны:

«Калі я папрасіла прадставіцца, чалавек нешта прабуркатаў і кінуў слухаўку. То я нават не магу яму ператэлефанаваць і пагадзіцца на размову. Я ж не ведаю, і ў якое РУУС мяне выклікалі. І што за пагроза пра дзяцей? Наколькі гэта верагодна?»

Музыка Кацярына Ваданосава

На ўсякі выпадак спадарыня папрасіла ў фэйсбуку даглядзець яе малых, бо сітуацыя зусім незразумелая.

«Я ўжо нічога не баюся. Калі што, перавяду сына ў прыватную школу, дзе зараз сама выкладаю. Хай гэта будзе каштаваць шалёных грошай, але нешта прыдумаем», – распавяла яна.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў