«Мужык проста загуляўся». Што кажуць гарадзейцы пра дырэктара ЦЭЦ, у якога знайшлі зброю


Ужо не першы тыдзень у мястэчку Гарадзея Менскай вобласці аднасяльчане абмяркоўваць скандальную гісторыю з арсеналам зброі, знойдзеным у дырэктара ЦЭЦ цукровага камбінату Леаніда Штэйна. Тым часам Аляксандр Лукашэнка ўвязаў знаходку ў Гарадзеі з неабходнасцю ўзмацніць мяжу з Украінай, намякаючы, што зброя трапляла менавіта адтуль. Belsat.eu выправіўся ў Гарадзею, каб высвятліць, ці вераць ва «украінскі след» мясцовыя, тыя, хто добра ведае сям’ю Штэйнаў.

На другім паверсе – кватэра Штэйна. Фота – Кацярына Андрэева, belsat.eu
Кватэра Штэйна. Фота – Кацярына Андрэева, belsat.eu

Па прыездзе ў Гарадзею адразу сустракаем кіроўцу таксі – аказалася, Штэйн быў ягоным пастаянным кліентам.

«Мужык ён прыстойны, проста загуляўся. Захапленне зброяй пачало перарастаць у нешта хворае, такое сабе хворае хобі. Адметна, што міліцыя ведала, што ён мае афіцыйна зарэгістраваную зброю і раз на месяц прыязджалі правяраць, ці належным чынам яна захоўваецца. Ён жа заўзяты паляўнічы пры ўсім…», – кажа мужчына.

У версію ўладаў пра нелегальны правоз агнястрэлу з Украіны знаёмы Штэйна не верыць.

«Якая Украіна? Хутчэй за ўсё, выносілі з нашых вайсковых частак. Я сам памятаю часы, калі за капейкі можна было набыць «Макарава». Гэта ўсё палітыка, памятаеце, як з прарывам джыпа летась? Штэйна Лукашэнка проста падагнаў пад нейкія палітычныя мэты. А пакутуе звычайны народ, які з Украіны возіць танную вопратку, сала якое…»

Паводле словаў кіроўцы таксі, некаторыя аднасяльчане нават злараднічалі.

«Маўляў, заробак высокі атрымліваў, чаго яму не хапала, чыноўнік – гэтак яму і трэба».

Гарадзея, каля цукровага камбінату. Фота – Кацярына Андрэева, belsat.eu

На працы калегі характарызуюць Леаніда Штэйна як «спакойнага, інтэлігентнага і выхаванага чалавека».

«Усе ведалі, што ён калекцыянер, міліцыя ведала пра дазволеную зброю – 7 ствалоў ён меў. А калі даведаліся пра астатняе – ва ўсіх быў шок! Канешне, ніхто не скажа дакладна, навошта яму гэта было. Ці то хобі, ці то бізнес…», – гаворыць калега затрыманага, які папрасіў не афішаваць свае імя.

«Што тычыцца Украіны, то я з прэзідэнтам згодны. Кантроль ажыццяўляецца на прапускных пунктах, але ёсць шмат участкаў, дзе проста багна, лес. Там нават калючага дроту няма», – дадае ён.

Той жа калега прыгадвае: аднойчы, падчас застолля з прыяцелямі, Штэйн распавёў, што нібыта браў удзел у баявых дзеяннях у Чачэніі напачатку двухтысячных. Аднак начальнік аховы Гарадзейскага цукровага заводу Віктар Парэйка гэтую інфармацыю зняпраўджвае. Затое высвятляем, што тэрміновую службу Штэйн праходзіў у паветрана-дэсантных войсках.

На заводзе кажуць: Парэйку «моцна прэсанулі» пасля знаходкі ў Штэйнаў. Размаўляць з намі далей ён катэгарычна адмаўляецца. Ён падкрэслівае, што «не баіцца, бо ўсё жыццё адпрацаваў у крымінальным вышуку і даслужыўся да палкоўніка», а гутарыць пра знойдзеную зброю «проста не хоча».

Жонка Штэйна, Эла, працуе дырэктарам мясцовай гасцініцы «Гарадзейскі фальварак». Сустракаем яе на рэцэпцыі, але яна рэзка адмаўляецца адказваць на пытанні журналістаў.

Эла Штэйн хаваецца ад журналістаў. Фота – Кацярына Андрэева, belsat.eu

«Гэта не ў вашай кампетэнцыі! Усё ўжо сказалі прадстаўнікі праваахоўных органаў. А я з вамі гаварыць не буду».

Каля гасцініцы сустракаем суседа Штэйнаў.

«Ён быў закрыты чалавек, асабліва пасля таго, як заняў пасаду дырэктара ЦЭЦ. Ведаю, што ён калекцыянаваў збольшага халодную зброю, нават дарыў сябрам нажы з гравіроўкаю. У тое, што ён збіраўся пры дапамозе гэтай зброі зрабіць нешта кепскае – тут людзі не вераць».

***

7 верасня на Гомельшчыне сілавікі затрымалі 48-гадовага начальніка ЦЭЦ Гарадзейскага цукровага камбінату. Пры затрыманні ў яго знайшлі аўтамат Калашнікава з глушыльнікам, пісталеты Макарава і ТТ, некалькі зараджаных магазінаў да іх, вінтоўку, 4 ручныя гранаты, тры выбуховыя пакеты і «сотні патронаў рознага калібру».

Падчас ператрусу ў кватэры, гаражы і службовым памяшканні выявілі кулямёт, 5 аўтаматаў, 10 вінтовак, два наразныя карабіны, чатыры гладкаствольныя стрэльбы, 12 пісталетаў, 28 гранат, 265 выбуховых прыстасаванняў, каля 2 кг выбухоўкі і блізу 10 тысяч патронаў рознага калібру.

Цяпер Штэйн і яшчэ адзін чалавек з ягонага атачэння, чые імя не называецца, знаходзяцца пад вартай у СІЗА Гомля. Леаніду Штэйну выстаўленае абвінавачванне паводле артыкулу ч. 2 арт. 295 КК («незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі»). Яму пагражае да 7 гадоў турмы з магчымай канфіскацыяй маёмасці.

24 верасня Лукашэнка заявіў, што вырашыў умацаваць мяжу з Украінай. «Мы бачым, колькі адтуль ідзе сёння бяды для Беларусі, і ў тым ліку зброі перапраўляецца. Мы павінны закрыць мяжу. Але не для прыстойных людзей, а для бандытаў, для тых, хто вязе зброю», – сказаў кіраўнік краіны.

Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч адсправаздачыўся Лукашэнку, што з вайсковых частках нічога не знікла, таму ён пераключыў увагу на Украіну.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў