Мужчыну затрымалі за крадзеж ровара, а ён прызнаўся ў сямі забойствах


29-гадовага рабочага з Прыднястроўя затрымалі ў Маскве. Мужчына хацеў скрасці ровар, які стаяў каля крамы. У міліцыі ён прызнаўся ў цяжкіх злачынствах на радзіме.

Паводле мужчыны, за апошнія некалькі гадоў ён забіў сем чалавек – шэсць жанчын і апошняя ахвяра – калега па будоўлі, якога ён пасля супольнага спажывання алкаголю збіў да смерці.

Жанчын ён забіў у сталіцы Прыднястроўя Тыраспалі. Падпільноўваў іх уначы ў зацішных месцах, біў па галаве малатком і гвалціў.

Супраць жыхара Прыднястроўя распачалі крымінальную справу за крадзеж. Цяпер правяраюць ягоную датычнасць да іншых злачынстваў. Маскоўскія следчыя даслалі запыт у Прыднястроўе.

«Інтэрфакс» піша, што апошнюю ахвяру мужчына забіў улетку 2017 года ў раёне станцыі «Масква-Таварная». Аднак цела дагэтуль не знайшлі. Крыніца ў праваахоўных органах не выключае, што мужчына можа стаяць на ўліку ў псіхіятрычным шпіталі або выдумаў гісторыю, каб зацягнуць працэс праверкі.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў