Мужчыну, які абкрадаў могілкі, будуць судзіць


36-гадовы мянчук у перыяд з верасня 2017 года па студзень 2018 года на тэрыторыі «Усходніх» і «Кальварыйскіх» могілак выкрадаў вырабы з бронзы і латуні.

Па дадзеных следства, сярод скрадзенага: вазы, кветкі, лампады, фігура птушкі, статуэтка анёла і фрагменты скульптурных кампазіцый. Рытуальныя прадметы здаваў у пункты прыёму металалому. Агулам мужчына накраў амаль на 9 тысячаў долараў. Атрыманыя грашовыя сродкі ён траціў на набыццё спіртных напояў. Частка выкрадзенага ў памеры больш за 2,5 тысячы рублёў следчыя знайшлі па месцы яго пражывання і ў скупшчыкаў другаснай сыравіны.

Па выніках расследавання мужчыну высунулі абвінавачванне ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 205 (крадзеж, паўторна, у буйным памеры) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.

ГА, belsat.eu паводле sk.gov.by

Стужка навінаў