Мужчыну «без голасу» абвінавацілі ў крыках і лаянцы матам – ён звярнуўся ў ААН. Урад Беларусі пракаментаваў ягоную скаргу


Урад Беларусі адрэагаваў на скаргу прадстаўніка незалежнага прафсаюзу РЭП Віктара Казлова, зарэгістраваную ў Камітэце ААН па правах чалавека (КПЧ ААН). Беларускія чыноўнікі заявілі аб непрымальнасці скаргі, бо заяўнік не абскарджваў пастанову суда ў пракурорскіх інстанцыях, паведамляе «Гомельская Вясна».

Ні сораму, ні сумлення: той, хто ледзьве размаўляе шэптам, гучна мацюкаўся

Паводле Казлова, 25 сакавіка 2017 года ён выйшаў з дому ў вёсцы Цярэшкавічы, каб паехаць у Гомель. Раптам пад’ехалі супрацоўнікі АМАПу на УАЗіку, запхнулі яго ў аўтамабіль ды павезлі ў РАУС. Там склалі адміністрацыйныя пратаколы.

«Я пасля аперацыі казаць не магу нармальна, нават шэптам, а тут гучна крычаў? Супрацоўнікі АМАПу ілжэсведчылі ў судзе, блыталіся ў паказаннях. Гэта была мэтанакіраваная акцыя, каб не дапусціць маёй прысутнасці 25 сакавіка на пляцоўцы каля ДК «Віпра», дзе праходзіў мітынг [недармаедаў. – Заўв. Belsat.eu]. Дарэчы, мітынг на той пляцоўцы быў дазволены ўладамі», – кажа прафсаюзны актывіст.

70-гадовы мужчына, які страціў пасля анкалагічнай аперацыі голас абараняе ў Жэневе свае правы на справядлівы суд, выказванне свайго меркавання і права не падвяргацца адвольнаму затрыманню. Беларускія судовыя інстанцыі, у тым ліку Вярхоўны Суд, паверылі міліцыянтам, паставіўшы пад сумнеў заключэнне лекараў аб тым, што пацярпелы пасля выдалення часткі лёгкага не мог крычаць. Міліцыянты сцвярджалі ў судзе, што выразна чулі як Казлоў гучна лаяўся.

Па словах праваабаронцы Леаніда Судаленкі, які займаецца гэтай справай у КПЧ ААН, беларускія ўлады пакінулі без каментара довады ў скарзе, чаму і з якой мэтай прадстаўніка прафсаюзу арыштавалі напярэдадні мірнага сходу.

Адказ беларускага ўраду на скаргу Казлова

Праходзіць жа пракурорскія інстанцыі, як пра гэта заявіў беларускі бок, КПЧ ААН не патрабуе.

ЮВ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары