Мужчына знік каля ГЦ «Рыга» 11 жніўня і потым яго знайшлі мёртвым. Знаёмыя ў негвалтоўную смерць не вераць


52-гадовы Аляксандр Будніцкі знік 11 жніўня і толькі праз 20 дзён стала вядома, што ён памёр. Знаёмыя лічаць, што смерць Будніцкага можа быць звязаная з дзеяннямі сілавікоў падчас разгону пратэстаў каля ГЦ «Рыга» ў Менску. Аднак брат памерлага верыць у афіцыйную версію, паводле якой смерць Аляксандра Будніцкага мела негвалтоўны характар.

Аляксандр Будніцкі працаваў на Менскім заводзе шасцерняў і жыў у інтэрнаце на вуліцы Батанічнай – у некалькіх прыпынках ад ГЦ «Рыга». Сусед Будніцкага Сяргей распавёў belsat.eu, што 11 жніўня мужчына знік – не выйшаў на працу і больш не з’яўляўся ў інтэрнаце. Апошні раз знаёмыя яго бачылі а 6-й раніцы 11 жніўня.

«Я ведаў, што адбывалася каля «Рыгі» і першы забіў трывогу», – кажа ён.

Барыкады каля ўніверсамy «Рыга». Мінск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г. фота: belsat.eu

Праз тыдзень Сяргей з яшчэ адным суседам па інтэрнаце звярнуліся ў міліцыю, дзе напісалі заяву пра знікненне чалавека.

31 жніўня міліцыя паведаміла сваякам пра тое, што труп Будніцкага знайшлі – ён памёр недалёка ад ГЦ «Рыга» нібыта праз праблемы з сэрцам. Але Сяргей у гэтую версію не верыць: ён ведаў Будніцкага як моцнага чалавека, які прывык да вялікіх фізічных нагрузак.

Фота дасланае суседам Аляксандра Будніцкага

Пры гэтым Сяргей кажа, што сам Будніцкі ў акцыяй пратэсту ўдзелу не прымаў, але мог выпадкова «трапіць пад замес».

«Ён чалавек спакойны, але вельмі цікаўны. Ён мог проста праз дапытлівасць паехаць і паглядзець, што там адбываецца. Тым больш, што мы яму раней распавядалі пра гэтыя падзеі», – распавядае Сяргей.

Брат памерлага Валянцін Будніцкі 1 верасня прыехаў у Менск, каб забраць цела сваяка. Пра версію суседзяў брата ён чуў, але ў яе не верыць.

«Следчы кажа, што ніякіх падставаў для распачынання крымінальнай справы няма. У яго быў стан здароўя: двойчы ўжо тромб адрываўся. Следчы казаў, што ёсць сведкі, як ён падыходзіў да нейкіх маладых людзей, прасіў запаліць. Пры іх яму стала кепска, ён упаў. Калі б яго мэтанакіравана павезлі ў нейкі кардыялагічны цэнтр, то можа б выратавалі. Але прамарудзілі. Суседзі звязваюць ягоную смерць з тымі падзеямі… Але, думаю, што не – гэта проста праз стан здароўя», – заявіў belsat.eu брат памерлага.

Афіцыйная дата смерці Аляксандра Будніцкага – 12 жніўня. Імаверна, да канца месяца ягоны труп знаходзіўся ў моргу як неапазнаны.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў