Мужчына ў масцы прыйшоў рабаваць пенсіянерку. Яна пазнала нападніка па голасе


68-гадовая жанчына жыве ў шматкватэрным доме на чацвёртым паверсе ў Маладзечне. Сусед, які часта выпівае, – на першым. Паводле мясцовых жыхароў, 48-гадовы мужчына пастаянна выпрошвае грошы, паведамляе minobl.mvd.gov.by.

Мужчына не раз пазычаў ў пенсіянеркі і падумаў, што праз доўг у 6 рублёў, якія яшчэ не аддаў, яна яму адмовіць. Таму вырашыў замаскавацца.

На пытанне «хто там» мужчына адказаў «я» – і жанчына пазнала суседа па голасе, а калі адчыніла дзверы, то ўбачыла мужчыну ў чорнай масцы. Ён штурхануў суседку, калі тая сарвала маску і ўцёк. Сведкам інцыдэнту была дачка гаспадыні. Гаспадыня патэлефанавала ў міліцыю.

На дапамогу прыбыў АМАП. Мужчына закрыўся ў сваёй кватэры і не адчыняў цягам двух гадзінаў. Пазней аказалася, што ён лёг спаць, а калі пабачыў за вокнамі супрацоўнікаў праваахоўных органаў, паспрабаваў пазбавіцца ад маскі – змыць ва ўнітаз.

Сілавікі штурмам узялі дэбашыра, які быў у стане алкагольнага ап’янення. Яго затрымалі і даставілі ў Маладзечанскі РАУС, вядзецца праверка.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў