Мужчына прагаласаваў тры разы – і паказаў як


Каб удзельнічаць у выбарчай каруселі, у пашпарце трэба мець адмысловую адзнаку. Якую можна паставіць самому.

Грамадскі рух «Дзея» звярнуў увагу на допіс настаўніцы Марыі (імя змененае) у Тэлеграме, якая паведаміла, што школа папрасіла яе пайсці на чатыры выбарчыя ўчасткі і прагаласаваць за пажаданага кандыдата замест незнаёмых ёй людзей.

У пашпарт Марыі адміністрацыя школы паставіла адмысловую адзнаку

«Я прыходзіла на выбарчы ўчастак, паказвала камісіі свой пашпарт. Штампа прапіскі, які адносіў бы мяне да гэтага ўчастку, зразумела, не было. Камісія заўважала пазнаку і давала мне распісацца ў спісе аб атрыманні бюлетэня насупраць імя выбарцы, якое, зразумела, не супадала з маім і не было мне знаёма. Я ставіла дату і подпіс – усюды сваю, – атрымлівала бюлетэнь, галасавала і апускала яго ў скрыню. І так на чатырох участках. Разам са мной участкі абыходзілі і іншыя супрацоўнікі школы», – кажа Марыя.

Актывіст Дзяніс Краўчук вырашыў праверыць, ці атрымаецца ў яго прыкінуцца такім настаўнікам і атрымаць бюлетэні на ўчастках акругі, да якой ён не належыць. Мужчына нанёс у свой пашпарт пад пазнакай аб рэгістрацыі такую ж паметку, як у пашпарце Марыі, і прыйшоў на выбарчы ўчастак у гімназію №4, дзе атрымаў бюлетэнь.

Актывіст Дзяніс Краўчук. Фота – медыяслужба грамадскага руху «Дзея»

На наступны дзень, 16 лютага, Дзяніс вырашыў паўтарыць гэтую схему на двух іншых участках – у школах №185 і №201. У яго зноў атрымалася атрымаць бюлетэні за іншых людзей.

Калі Дзяніс звярнуў увагу чальцоў камісіі на той факт, што атрымаў бюлетэнь на ўчастку акругі, да якой не належыць, тыя сказалі, што «выйшла памылка» і паабяцалі звязацца з ягонай камісіяй у справе адмацавання ад яе Краўчука.

ДД

Стужка навінаў