Мужчына павесіўся на шнурках у машыне нясвіжскай міліцыі


16 снежня ў Telegram-канале блогера NEXTA з’явілася інфармацыя, што нясвіжскія міліцыянты забілі ў службовым аўто мужчыну, а пасля імітавалі самагубства затрыманага.

Упраўленне ўнутраных справаў Менскага аблвыканкаму пацвердзіла, што цяпер праводзіцца праверка гэтага інцыдэнту.

«Гэта інфармацыя адназначна не адпавядае рэчаіснасці. Гаворка ідзе пра суіцыд, а не пра забойства», – паведаміў карэспандэнту svaboda.org прадстаўнік Менскай абласной міліцыі Яўген Сачэк.

Праверка ўжо «на стадыі завяршэння», а справай займаецца Следчы камітэт, паведамляе svaboda.org.

Афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэту Беларусі па Менскай вобласці Тацяна Беланог паведаміла svaboda.org, што здарэнне адбылося 29 лістапада: «Прызначана судова-медыцынская экспертыза, якая высветліць дакладную прычыну смерці мужчыны 1969 году нараджэння, а следства збірае неабходныя матэрыялы».

Паводле nn.by, мужчыну звалі Сяргей Абрамовіч. Родныя нябожчыка кажуць, што ён не мог пайсці на самагубства.

Сяргей Абрамовіч. Фота – nn.by

«У той вечар Сяргей з сябрам ездзіў да свайго начальніка, той разлічыўся з імі гарэлкай [Сяргей валіў лес «у прыватнікаў»]. Дзве бутэлькі Сяргей выпіў з тым жа сябрам. А потым прыйшоў дадому і пасварыўся з бацькам [мужчына жыў з бацькамі ў вёсцы Слаўкава. – Заўв. Belsat.eu]. Бацька выклікаў міліцыю», – распавядае падрабязнасці трагічнай гісторыі nn.by Іна, сястра Сяргея. У той вечар яна прыехала да бацькі.

«Прыехала міліцыя, два чалавекі: лейтэнант і прапаршчык. Сяргея забралі», – успамінае Віктар Абрамовіч, бацька Сяргея.

Пазней да бацькі нябожчыка прыехаў следчы і паведаміў: да аддзялення сына не давезлі. Маўляў, павесіўся ў міліцэйскай машыне на шнурках. Цела агледзелі і павезлі адразу ў морг.

Мужчыну пахавалі 2 снежня.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў