Мужчына, 50 гадоў, 3 гады на пасадзе: хто ён, беларускі міністр?


За апошні тыдзень кіраўнік Беларусі правёў важныя кадравыя перастаноўкі: сваіх пасадаў пазбавіліся віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы і міністр сельскай гаспадаркі Леанід Заяц. Месца апошняга заняў значна маладзейшы Анатоль Хацько.

Hавiны
Лукашэнка знайшоў замену Зайцу: у Беларусі новы міністр
2019.04.02 12:23

Увогуле з мінулага году кіраўнікі беларускіх міністэрстваў былі абноўленыя даволі істотна. З гэтай нагоды мы склалі сярэднестатыстычны партрэт чальца беларускага Саўміну – міністраў, чальцоў Прэзідыуму і старшыняў дзяржаўных камітэтаў.

Элітарны мужчынскі клуб

З гэтых 39-і чалавек толькі дзве жанчыны – Наталля Качанава, якая ў якасці кіраўніцы Адміністрацыі прэзідэнта ўваходзіць у склад Прэзідыума Саўміну, і міністарка працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Ірына Касцевіч. Усе астатнія – мужчыны.

Hавiны
«Вельмі было страшна». Качанава распавяла пра ўражанні ад балю Лукашэнкі
2019.03.10 19:20

Сярэдняму беларускаму топ-чыноўніку 50 гадоў. Самым сталым з іх з’яўляецца аднагодка кіраўніка дзяржавы Леанід Анфімаў, які ўзначальвае Камітэт дзяржкантролю. Яму неўзабаве споўніцца 65 гадоў. У топ-5 самых старых міністраў уваходзяць таксама міністры замежных спраў Уладзімір Макей і з надзвычайных сітуацый Уладзімір Вашчанка, якія нарадзіліся ў 1958 годзе. На чацвёртым месцы міністр прыродных рэсурсаў Андрэй Худык, якому сёлета спаўняецца 60 гадоў. Замыкае першую пяцёрку Наталля Качанава, якая нарадзілася ў 1960 годзе.

Самым маладым міністрам з’яўляецца кіраўнік Мінэканомікі Дзмітрый Круты, якому няма і 40 гадоў – ён 1981 года нараджэння. У 1978 годзе нарадзіліся міністры ЖКГ Аляксандр Церахаў і лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа, у 1977-ым – міністр фінансаў Максім Ермаловіч, транспарту Аляксей Аўраменка і старшыня Дзяржкамітэту з маёмасці Андрэй Гаеў.

Большасць міністраў – гарадзенцы

Насуперак традыцыйным перакананням з Магілёўскай вобласці паходзяць толькі пяць найвышэйшых чыноўнікаў, прычым пераважна з яе заходняй часткі. Гэтак, з Бабруйску міністр з падаткаў і збораў Сяргей Налівайка, з суседняга Кіраўску – міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч, з Бялыніцкага раёну – міністр эканомікі Дзмітрый Круты і старшыня памежнага камітэту Анатоль Лапо. З усходняй Магілёўшчыны толькі адзін чалавек – віцэ-прэм’ер Уладзімр Кухараў. Ён нарадзіўся ў Клімавіцкім раёне.

Hавiны
«Не адпаведна чыну бяруць». Што хаваецца за гучнымі карупцыйнымі справамі?
2019.02.22 18:18

А вось больш за ўсё топавых чыноўнікаў з сённяшняга складу дала Гарадзеншчына. Гэтак, з Карэліцкага раёну паходзяць ужо ўзгаданыя Уладзімір Макей, Віталь Дрожжа і старшыня мытнага камітэту Юрый Сянько. У Горадні нарадзіліся міністры аховы здароўя Валерый Малашка і юстыцыі Алег Сліжэўскі. З Наваградку першы віцэ-прэм’ер Аляксандр Турчын, са Смаргоні – Андрэй Гаеў.

Яшчэ сем чалавек нарадзіліся за межамі Беларусі. У Грузіі з’явіўся на свет віцэ-прэм’ер Ігар Ляшэнка, ва Украіне – міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч і Андрэй Худык. Больш за ўсё топавых чыноўнікаў дала Беларусі Расея. Сярод іх: міністр адукацыі Ігар Карпенка, прамысловасці Павел Уцюпін і ўзгаданыя вышэй Леанід Анфімаў ды Уладзімір Вашчанка.

Горкі больш не кузня кадраў

Што тычыцца адукацыі, дык, паводле нашых падлікаў, 30 топ-чыноўнікаў скончылі Акадэмію кіравання. Праўда, гэта ўжо другая адукацыя. Сярод першай найбольш папулярнымі вну апынуліся БНТУ і БДЭУ.

Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках, якая раней лічылася ледзь не кузняй айчынных чынавенскіх кадраў, скончыў толькі адзін чалавек – міністр сельскай гаспадаркі Анатоль Хацько. Таксама там навучаўся ў аспірантуры старшыя Камітэту з маёмасці Андрэй Гаеў.

Мастадонты беларускага Саўміну

Большасць беларускіх міністраў і старшыняў дзяржкамітэтаў заступілі на свае пасады нядаўна – у сярэднім каля трох гадоў таму.

Больш за ўсё займаюць свае крэслы кіраўнікі сілавых ведамстваў. Міністр з надзвычайных сітуацый Уладзімір Вашчанка быў прызначаны ў 2010 годзе, юстыцыі Алег Сліжэўскі – у 2011-ым. У 2012-ым заступілі на свае пасады Ігар Шуневіч і старшыня КДБ Валерый Вакульчык. Таксама ў гэты ж час быў прызначаны і Уладзімір Макей.

І пакуль прыкметаў таго, што яны могуць пазбавіцца сваіх крэслаў, не бачна.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў