Мужа гарадзенкі затрымалі падчас сустрэчы з Ціханоўскім, а цяпер пагражаюць забраць дзіця


Уладзімір Навумік быў затрыманы ў Горадні 29 траўня.

Жыццё гарадзенкі Віталіі Навумік кардынальна змянілася пасля 29 траўня. У той дзень яе мужа Уладзіміра затрымалі ў Горадні разам з блогерам Сяргеем Ціханоўскім. Гарадзенец з ім не знаёмы, але быў затрыманы пасля разгону пікету на плошчы і цяпер знаходзіцца ў менскім СІЗА №1.

Фота: Баляслаў Журакоўскі / Belsat.eu

Віталія мяркуе, што мужа памылкова затрымалі ў той дзень, бо ён, як выпадковы гарадзенец, стаў відавочцам падзей на плошчы. У выніку Уладзіміру Навуміку высунулі абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

«У дачкі быў выпускны і ён ішоў за тортам, – распавядае Віталія. – Спыніўся паглядзець, што адбываецца і быў затрыманы. Ён, напэўна, нават ніколі і пра Ціханоўскага не чуў, але зацікавіўся сітуацыяй на плошчы. Я чакала яго дома і толькі на раніцу вырашылася звярнуцца ў міліцыю. Там мне і сказалі пра яго затрыманне».

Фота: Баляслаў Журакоўскі / Belsat.eu

У кватэры сям’і (яны жывуць у блоку інтэрната) правялі ператрус. Канфіскавалі рэчы Уладзіміра і тэхніку. З мужам Віталія звязацца ніяк не можа. На лісты ніхто не адказвае.

«Я ведаю, што мужу высунулі абвінавачванні і адмовілі ў скарзе. Больш нічога нам невядома. Маё жыццё кардынальна змянілася, я ўжо не разумею нічога. Я лічу, што няправільна і незаконна затрымліваць чалавека, які не звязаны з палітыкай і здарэннем на Савецкай плошчы ў той дзень. Гэта жудасна. Дачка кожны дзень пытаецца пра бацьку».

Фота: Баляслаў Журакоўскі / Belsat.eu

17 чэрвеня да Віталіі прыйшлі з праверкай загадчыца, выхавальнік і псіхолаг дзіцячага садка, у які ходзіць іх пяцігадовая дачка – каб праверыць умовы пражывання. У садок нібыта прыйшоў дакумент, па якім праводзіцца сацыяльнае расследаванне.

«Цяпер, я думаю, на мяне ціснуць у сувязі з затрыманнем мужа. Пыталіся: навошта ён пайшоў на плошчу – зарабіць грошай? Запалохваюць, што могуць забраць дзіця, інакш я гэта растлумачыць не магу. Я не ведаю навошта ўсё гэта робіцца. Мы звычайная беларуская сямʼя. Спачатку я не вырашалася звяртацца да журналістаў, але больш за дапамогай мне звярнуцца няма да каго. Адзінае, што я зараз хачу, каб адпусцілі мужа і пакінулі нашу сямʼю ў спакоі».

Да затрымання Уладзімір Навумік працаваў інжынерам-канструктарам на заводзе гандлёвага машынабудавання ў Горадні. Віталія кажа, што яму прапанавалі пасаду вядучага інжынера.

Баляслаў Журакоўскі, фота аўтара Belsat.eu

Стужка навінаў