Мусульманін патрабуе $ 100 млн кампенсацыі за піццу са свінінай


Жыхар гораду Дзірборн (штат Мічыган, ЗША) падаў у суд на піцэрыю, якая прадала яму піццу з каўбасой са свініны.

Мусульманін Махамед Базі ў сваім пазове адзначыў, што двойчы набываў у рэстаране «Little Caesars» піццу з пепероні, на якой стаяла маркіроўка «халяльны прадукт» (зроблены паводле правілаў, якімі кіруюцца мусульмане). Смак свініны ў піццы пазнала жонка Базі, якая раней была каталічкаю.

У судовым пазове гаворыцца, што пацярпелым было «блага да ванітаў».

Калі Базі ў другі раз набыў піццу ў тым самым рэстаране, то ён зноў знайшоў у ёй свініну. Менеджар установы ў адказ на прэтэнзію пакупніка заявіла, што ён сам папрасіў наклеіць на ўпакоўку з піццаю стыкер «халяльная». Базі таемна запісаў размову з менеджарам і вырашыў звярнуцца ў суд.

Адвакат Базі нагадаў у размове з выданнем «The Detroit Free Press», што есці свініну – адзін з найбольш цяжкіх грахоў для мусульманіна.

У 2011 годзе за продаж нехаляльнай курыцы (кліентаў запэўнівалі, што яны набываюць халяльны прадукт) з сеткі рэстаранаў «McDonalds» у Дзірборне спагналі $ 700 000.

У Дзірборне каля 30 % насельніцтва – араба-амерыканцы. Таксама ў Дзірборне знаходзіцца самая вялікая мячэць Паўночнай Амерыкі.

The Islamic Center of America

 ЮВ, belsat.eu, паводле bbc.com

Стужка навінаў