МУС зняпраўдзіў інфармацыю пра галадаванне вязняў у Жодзінскай турме


Дэпартамэнт выканання пакаранняў МУС адрэагаваў на паведамленні праваабаронцаў з арганізацыі «Новая Платформа інавэйшн» пра тое, што ў Жодзінскай турме трымаюць галадоўку да 20 зняволеных.

«Паводле стану на 27 кастрычніка 2017 году ў турме № 8 знаходзяцца 4 асуджаныя, якія адмаўляюцца ад прыёму ежы. Прычынай адмовы з’яўляецца іх нязгода адбываць пакаранне ў камерах, абсталяваных сістэмай відэаназірання. Разам з тым, усе чацьвёра рэгулярна ўжываюць наяўныя ў іх прадукты харчавання. Галадоўнікі знаходзяцца пад сталым наглядам медперсаналу папраўчай установы. Іх стан здароўя ацэньваецца як задавальняючы», – інфармуе МУС.

У МУС адзначаюць, што ўсе чацьвёра асуджаныя за цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы (вымагальніцтва з прымяненьнем гвалту; злоснае хуліганства; збыт наркотыкаў, у тым ліку непаўналетнім, у складзе арганізаванай групы асобаў; злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі) і прысуджаныя да доўгіх тэрмінаў пазбаўлення волі – ад 8 да 15 гадоў.

«Усе яны былі пераведзеныя ў Жодзінскую турму на тры гады ў мэтах выканання судовых пастановаў за неаднаразовыя парушэнні рэжыму ўтрымання ў калоніях. За гэты час у турме яны таксама шматкроць парушалі ўстаноўлены парадак знаходжання», – заяўляюць у МУС.

Пра галадоўку вязняў Жодзінскай турмы № 8 паведамілі праваабаронцы з арганізацыі «Новая платформа інавэйшн». Паводле іх звестак, у галадоўцы бяруць удзел да 20 чалавек у камерах №8-16.

Як раней паведаміў «Белсату» кіраўнік арганізацыі Андрэй Бандарэнка, прычына галадавання – невыносныя ўмовы, у якіх перабываюць арыштаваныя.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў