МУС: Жодзінскі міліцыянт ударыў жанчыну з мэтай самаабароны


УУС Менаблвыканкаму пракаментавала інцыдэнт, які адбыўся 13 верасня ў Жодзіна. Тут міліцыянт знянацку ўдарыў жанчыну, якая падышла да яго з тэлефонам.

Паводле міліцыянтаў, экіпаж ДАІ ладзіў разбіральніцтва па факце парушэння ПДР.

«Натоўп незадаволеных грамадзянаў паспрабаваў перашкодзіць працы ДАІ. На дапамогу ім прыбылі працаўнікі міліцыі, якія пачалі адціскаць людзей ад спецтранспарту, пры гэтым неаднаразова звярталіся з патрабаваннямі спыніць супрацьпраўныя дзеянні. Аднак грамадзяне не разыходзіліся, выкрыкваючы пры гэтым на адрас міліцыянтаў розныя абразы», – адзначаецца ў паведамленні МУС.

Паводле МУС, нечакана з натоўпу выйшла жанчына і накіравалася да міліцыянта.

«Наблізіўшыся, жанчына рэзка накіравала камеру тэлефона міліцыянту ў твар. Зыходзячы з сітуацыі той падумаў, што адбудзецца нанясенне ўдару. Імгненнай рэакцыяй сталася прымяненне фізічнай сілы для самаабароны і затрымання», – падсумоўвае МУС.

Афіцыйная версія, агучаная міліцыянтамі, адрозніваецца ад сітуацыі, якая бачная на відэа, што апублікавалі ў сеціве.

Прынамсі, выразна чуваць, што людзі не абражалі міліцыянтаў, а скандавалі «Міліцыя з народам!» Таксама не было затрыманняў. Людзі абурыліся дзеяннямі міліцыянта, ягоныя калегі адвялі міліцыянта ў мікрааўтобус.

Hавiны
Жанчына, якую ўчора ў Жодзіне ўдарыў міліцыянт: «У мяне вельмі моцны стрэс, я нават не магу есці»
2020.09.14 14:51

СK belsat.eu

Стужка навінаў