МУС заявіў, што затрымаў вытворцаў «кактэйлю Молатава»


Прэс-сакратар міністэрства ўнутраных справаў Вольга Чэмаданава ў тэлеграм-канале ведамства паведаміла, што 12 жніўня АМАП затрымаў двух менчукоў, якія напаўнялі бутэлькі запальнай сумессю.

Падчас агляду ў пакетах маладых людзей (18 і 19 гадоў) выяўленыя 10-літровая каністра з бензінам і бутэлька расліннага алею, піша афіцыйная прадстаўніца МУС.

«Затрыманыя распавялі, што на адным з тэлеграм-каналаў убачылі рэцэпт »кактэйлю Молатава« і вырашылі яго вырабіць, каб выкарыстоўваць на масавых мерапрыемствах супраць супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Паводле менчукоў, на бліжэйшай АЗС яны набылі неабходныя інгрэдыенты і накіраваліся на паркоўку. Знойдзеныя там пустыя бутэлькі планавалася запоўніць гаручай сумессю, аднак давесці задуманае да канца перашкодзіў АМАП».

Цяпер затрыманыя ў Фрунзенскім РУУС сталіцы. Вырашаецца пытанне пра прызнанне іх падазраванымі па крымінальнай справе, распачатай па факце масавых беспарадкаў.

Паводле міліцыі, адзін з затрыманых працуе на будоўлі, другі – беспрацоўны.

На відэа з прызнаннем чуваць, як адзін з маладзёнаў вельмі хутка з задышкай адказвае на пытанні міліцыянта. Другі моўчкі ляжыць тварам у падлогу. Хлопец кажа, што хацелі пакідаць бутэлькі на паркоўцы.

belsat.eu

Стужка навінаў