МУС вінаваціць журналіста Аляксандрава і ягоную дзяўчыну ў аплаце штрафаў пратэстоўцам


Андрэй Аляксандраў.
Фота: Andrei Aliaksandrau / Facebook

У Міністэрстве ўнутраных справаў Беларусі пракаментавалі затрыманне журналіста Андрэя Аляксандрава і ягонай дзяўчыны Ірыны Злобінай. Іх вінавацяць у фінансаванні пратэстаў.

Намеснік міністра ўнутраных справаў Генадзь Казакевіч заявіў, што журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў і ягоная сужыцелька Ірына Злобіна фінансавалі ўдзельнікаў «масавых закалотаў» ды іншых пратэставых дзеянняў у тым ліку шляхам аплаты штрафаў і квітанцыяў за ўтрыманне ў ізалятарах.

Паводле міліцыі, іх «затрымалі ў межах устанаўлення каналаў фінансавання незаконных масавых мерапрыемстваў».

Грошы яны нібыта атрымлівалі ад фонду салідарнасці «BY_help». Агулам Аляксандраў і Злобіна аплацілі больш за 250 штрафаў, гаворыцца ў паведамленні МУС.

Адзначаюць, што грошы пакідаліся ў схованках. Так было пакінута больш за 100 тысяч долараў і еўраў.

Раней адвакатка Андрэя Аляксандрава, Вольга Карпушонак, паведаміла, што ў дачыненні журналіста абралі меру стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту на два месяцы, перадае БелаПАН.

«Рашэнне пра меру стрымання прыняло УСК Менску з санкцыі пракуратуры. Але гэта не значыць, што яна не можа быць змененая, – адзначыла адвакатка. – Найбліжэйшым часам Андрэя павінны перавесці ў СІЗА на вуліцы Валадарскага».

Адвакатка мае намер наведаць падабароннага ў панядзелак, 18 студзеня.

«Аплата штрафаў не ёсць злачынствам»

Адзін з кіраўнікоў ініцыятывы «BY_help» Аляксей Лявончык выступіў з афіцыйным каментаром з нагоды выстаўленых абвінавачанняў Андрэю Аляксандраву.

«Я асабіста ды ініцыятыва «BY_help» не каментуем гуказапісу з выказваннямі Андрэя Аляксандрава, якія маглі быць зробленыя ў выніку катаванняў, пагрозаў і запалохванняў. Доступ адваката да яго доўгі час быў забаронены і застаецца абмежаваным. Мы лічым, што публікацыя такога гуказапісу – гэта спроба аказаць ціск на грамадскую думку і парушае правы чалавека. У той жа час мы заяўляем, што любая аплата штрафаў не ёсць злачынствам, любыя абвінавачанні любога чалавека ў тым, што гэта злачынства, абсурдныя. Спадзяёмся хутка ўбачыць Андрэя Аляксандрава на волі», – заявіў Аляксей Лявончык.

  • Аляксандрава затрымалі 12 студзеня як падазраванага ў крымінальнай справе, распачатай паводле арт. 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Затрымалі таксама дзяўчыну Аляксандрава – Ірыну Злобіну.
  • 14 студзеня ў офісе БелаПАНу, дзе Аляксандраў у 2014–18 гадах працаваў намеснікам дырэктара, адбыўся ператрус. Сканфіскавалі частку тэхнікі і носьбітаў інфармацыі. У пастанове на ператрус таксама фігураваў артыкул 293 КК («Масавыя закалоты»).

МГ, belsat.eu

Стужка навінаў