МУС Украіны: У нас ёсць звесткі пра ініцыятараў забойства Шарамета


Міністр унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў заявіў, што ў следства ёсць дадзеныя аб ініцыятарах забойства журналіста Паўла Шарамета. Пра гэта ён паведаміў у эфіры тэлеканалу «1 + 1».

Напярэдадні ўкраінскія праваахоўнікі затрымалі пяць асобаў, тром з іх ужо ўручанае афіцыйнае падазрэнне. Авакаў адзначыў, што справа яшчэ не раскрытая і следства па ёй працягваецца. Падазрэнні ў дачыненні да падазраваных кіраўнік МУС назваў абгрунтаванымі.

Медыкі і ўдзельнікі АТА: па справе Шарамета следства падазрае 5 чалавек

Разам з тым, шматлікія важныя моманты застаюцца неагучанымі. Гэтак, больш за ўсё грамадскасць цяпер цікавіць, хто быў заказчыкам злачынства.

«У нас няма адказаў па механізме ўзаемадзеяння. У нас у некаторых выпадках, яшчэ стаяць пытанні па ролі некаторых людзей. І, у тым ліку, мы бачым людзей, якія ініцыявалі гэта злачынства», – сказаў Авакаў, падкрэсліўшы, што не можа раскрыць усе вядомыя следству дэталі.

«На брыфінгу было каля 5-7%, можа 10% ад фактаў, якія нам вядомыя, якія мы можам выкласці. Я думаю, што ў гэтай справе будуць яшчэ навіны і яшчэ інфармацыя», – дадаў ён.

  • Павел Шарамет загінуў у цэнтры Кіева раніцай 20 ліпеня 2016 году ў выніку выбуху аўтамабіля. 12 снежня 2018 году ўкраінская паліцыя заявіла, што ў дачыненні да забойства журналіста падазраюць 5 асобаў. Як высветлілася, сярод іх валанцёры, лекарка і рок-музыкант.

КА belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары