МУС Украіны: Новыя запісы аб Шарамеце пацвярджаюць сённяшнюю версію следства


У Міністэрстве ўнутраных справаў Украіны мяркуюць, што запісы 2012 года, на якіх, імаверна, беларускія спецслужбы абмяркоўваюць намер забіць журналіста Паўла Шарамета выбухоўкай, адпавядаюць цяперашняй версіі следства.

А значыць, на справе групы ветэранаў АТА і валанцёраў, якіх абвінавачваюць у выкананні забойства журналіста, апублікаваныя запісы не адаб’юцца, заявіў BBC спікер МУС Арцём Шаўчэнка.

Затое адвакаты абвінавачаных заявілі, што, на іхную думку, новыя звесткі цалкам мяняюць усю справу.

Цяпер фігурантаў справы тры. Гэта рок-музыка і вайсковец Андрэй Антоненка, дзіцячы хірург і валанцёрка Юлія Кузьменка і вайсковая медсястра Яна Дугар.

Паводле версіі следства, Дугар дапамагала рыхтаваць злачынства, а Антоненка і Кузьменка быццам бы непасрэдна закладалі выбухоўку пад аўтамабіль Шарамета.

«У абвінаваўчым акце выразна паказана, што іх дзеянні былі выкліканыя іншымі нявызначанымі асобамі, – сказаў Шаўчэнка. – Непасрэдна на разгляд у судзе [справы Антоненкі, Кузьменкі і Дугар] гэта наўрад ці паўплывае, бо абвінавачаным ставіцца ў віну менавіта ўдзел у выкананні гэтага злачынства».

Прадстаўнік МУС падкрэсліў, што гэтая інфармацыя «пацвярджае асноўную версію следства, што нашы абвінавачаныя дзейнічалі несамастойна, а выконвалі пэўную злачынную задуму пэўных нявысветленых асоб».

Hавiны
У 2012 годзе КДБ планаваў ліквідацыю апанентаў Лукашэнкі за мяжой?
2021.01.04 12:26

У той жа час Арцём Шаўчэнка выказаў надзею, што гэтая новая інфармацыя зможа дапамагчы ў пошуку замоўцаў і арганізатараў забойства.

Абарона сцвярджае, што «раней версія датычнасці беларускіх спецслужбаў не даследавалася і не разглядалася». Прадстаўнікі абвінавачаных выказваюць асцярогі, што кіраўніцтва праваахоўных органаў Украіны «можа свядома пакрываць як заказчыкаў, так і выканаўцаў».

Паўла Шарамета забілі 20 ліпеня 2016 года – аўтамабіль, за рулём якога ён ехаў на працу, выбухнуў у цэнтры Кіева. Пазней паліцыя пацвердзіла, што выбухоўку падкінулі наўмысна.

ІК belsat.eu

Стужка навінаў