МУС: У Беларусі ўсё гатова для біяметрычных дакументаў


Пашпарт грамадзяніна РБ.
Фота: belsat.eu

У 2021 годзе больш як 800 тысяч беларусаў атрымаюць ID-карты – невялікія пластыкавыя карткі, на якіх змяшчаецца фота і асноўныя асабістыя звесткі ўласніка, паведамляе БелТА.

Астатняя інфармацыя будзе прывязаная да дакументу онлайн і будзе счытвацца з дапамогай адмысловага тэрміналу.

Тыя, хто атрымае ID-карту, аўтаматычна набудуць электронны лічбавы подпіс на 10 гадоў і асабісты электронны кабінет. Па стварэнні кабінет будзе неактыўны, пакуль чалавек яго не актывізуе з ID-карты. Там змесціцца ўся інфармацыя з гісторыяй выкарыстання гэтага кабінету.

«Мы думаем, што чэргаў ніякіх не будзе. Цяпер дзейны пашпарт будзе заставацца сапраўдным да тэрміну яго заканчэння. Гэта вельмі тонкі момант, які трэба разумець усім грамадзянам. Пасля ўкаранення біяметрычных дакументаў не трэба кідацца і бегчы іх атрымліваць. У гэтым няма ніякай неабходнасці. Гэтыя два дакументы – пашпарт і ID-карта – будуць дзейнічаць нароўні ў дзяржаве. Таму мы наплыву не чакаем і не думаем, што ён адбудзецца», – адзначыў намеснік начальніка Дэпартаменту грамадзянства і міграцыі МУС Павел Хрышчановіч.

Яшчэ адзін дакумент, які ў гэтым годзе змогуць атрымаць беларусы, – біяметрычны пашпарт. У краіне ўсё гатова для пераходу на яго.

Дакумент спатрэбіцца для выезду за мяжу. Як заявілі ў МУС, у год будуць выдаваць ад 300 да 500 новых замежных пашпартоў.

belsat.eu

Стужка навінаў