МУС стварыла базу ўдзельнікаў несанкцыянаваных акцый

У МУС запрацавала адзіная інфармацыйная сістэма ўліку ўдзельнікаў несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў. «Картатэка, па сутнасці, база дадзеных несанкцыяваных акцый», – так назвалі гэты спіс у эфіры «Беларусь 1» 20 снежня.

Дваравыя пратэсты, Менск, 12 снежня 2020 г. Фота: ТК / Белсат

Начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі ГУУС Менгарвыканкаму Аляксандр Купчэня заявіў, што пасля падзеяў 9 жніўня ў Міністэрстве ўнутраных спраў было прынята рашэнне аб стварэнні адзінай базы дадзеных па ўсёй рэспубліцы, якая б дазваляла ўлічваць інфармацыю аб асобах, якія былі затрыманыя альбо ідэнтыфікаваныя пры правядзенні несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў, і ў далейшым выкарыстоўваць гэтую інфармацыю для працы.

Паводле Купчэні, раней МУС нібыта не мог вызначыць, ці ўдзельнічаў чалавек раней у такіх мерапрыемствах.

– Чалавек пражывае ў горадзе Берасце, там удзельнічаў у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, і праз месяц ён прыбывае ў горад Менск для ўдзелу ў такіх мерапрыемствах у горадзе Менску. Мы яе тут затрымліваем, правяраем па базе дадзеных і ўсталёваны, што раней гэты чалавек ужо затрымліваўся ў горадзе Берасце і ўжо ўдзельнічаў у такіх мерапрыемствах. Такім чынам, гэты чалавек прымае ўдзел паўторна, гэта мае істотнае значэнне пры разглядзе справы аб адміністрацыйным правапарушэнні ў судзе, – паведаміў ён.

Купчэня паведаміў, што аператыўна-сітуацыйны штаб у Менску працуе кругласутачна і ўсе грамадскія месцы, асноўныя плошчы, асноўныя кропкі, дзе мелі месца несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы, кругласутачна маніторацца па відэаназіранні.

У створанай адзінай інфармацыйнай сістэме – удзельнікі акцый, карыстальнікі чатаў, адміны телеграм-каналаў. У базе пазначаны пол, узрост, рэгіён, месца працы, вучобы і нават захапленні чалавека.

AB, belsat.eu

Hавiны