МУС Расеі спыніў крымінальны пераслед Івана Галунова


Кіраўнік МЗС Расеі Уладзімір Калакольцаў паведаміў, што прынята рашэнне спыніць крымінальны пераслед журналіста Івана Галунова ў сувязі з недаказанасцю яго ўдзелу ў здзяйсненні злачынства. Пра гэта піша «Медуза».

«Па выніках правядзення біялагічных, крыміналістычных, дактыласкапічных і генетычных экспертыз прынята рашэнне аб спыненні крымінальнага пераследу грамадзяніна І. Галунова ў сувязі з недаказанасцю яго удзелу ў здзяйсненні злачынства. Сёння ён будзе вызвалены з-пад хатняга арышту, а абвінавачванні знятыя.

Матэрыялы ўнутранага расследавання з падраздзялення ўласнай бяспекі МУС РФ накіраваны ў Следчы камітэт Расейскай Федэрацыі для ацэнкі правамернасці дзеянняў супрацоўнікаў паліцыі, якія затрымалі грамадзяніна. На перыяд праверкі яны адхіленыя ад выканання службовых абавязкаў», – заявіў Калакольцаў.

Ён таксама дадаў, што будзе хадайнічаць перад прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным аб звальненні начальніка ўпраўлення па барацьбе з незаконным абаротам наркотыкаў Галоўнага ўпраўлення МУС па Маскве Юрыя Дзявяткіна і начальніка УУС па Заходняй адміністратыўнай акрузе Масквы Андрэя Пучкова.

Акрамя таго, пераслед Галунова асудзілі ў Савеце Федэрацыі: спікер Валянціна Матвіенка назвала тое, што адбылося «вельмі нядобрай гісторыяй» і паабяцала «далейшую рэакцыю».

Размаўляючы з журналістамі пасля паседжання, яна сказала, што справа Галунова – «гэта альбо непрафесіяналізм, альбо галавацяпства, ці правакацыя», піша «Медуза» са спасылкаю на «Интерфакс» .

Кіраўніцтва «Медузы» выступіла з заявай, дзе назвала спыненне крымінальнай справы супраць Галунова вынікам беспрэцэдэнтнай міжнароднай кампаніі журналісцкай і грамадзянскай салідарнасці:

«Усе разам мы зрабілі неверагоднае: спынілі крымінальны пераслед невінаватага чалавека. Дзякуй! Мы рады, што ўлада пачула грамадства. Так і павінна быць, калі здараецца несправядлівасць».

Абноўлена
У Маскве за пікеты ў падтрымку калегі затрымалі дзясятак журналістаў. Фотарэпартаж
2019.06.07 16:52
  • Журналіста-расследавальніка «Медузы» Івана Галунова затрымалі 6 чэрвеня а 14:30 недалёка ад метро «Каляровы бульвар» у Маскве, калі ён ішоў на сустрэчу з крыніцай. Карэспандэнта спынілі некалькі аператыўнікаў, пры даглядзе знайшлі ў яго заплечніку скрутак з наркотыкамі. Яшчэ адзін скрутак пазней выявілі пры ператрусах у кватэры. Галуноў не прызнае віну і кажа, што наркотыкі яму падкінулі. 8 чэрвеня суд пастанавіў змясціць журналіста пад хатні арышт.
  • Затрыманне журналіста выклікала хвалю абурэння ў расейскім грамадстве і за мяжой. Калегі перакананыя, што Галунова пераследуюць за яго журналісцкую дзейнасць і на самай справе ён невінаваты. У Маскве і Санкт-Пецярбургу прайшлі пікеты ў знак пратэсту супраць затрымання журналіста «Медузы».
ВІДЭА
«Гэта праз пахавальны бізнес». Іван Галуноў патлумачыў, чаму яго пераследуюць
2019.06.08 22:51

КА belsat.eu

Стужка навінаў