МУС прапануе ўвесці «новую» сістэму пакаранняў за парушэнне ПДР. Так было ў СССР


Набраў 15 штрафных балаў цягам года – губляеш права на кіраванне транспартным сродкам на 6 месяцаў.

Падобная сістэма цяпер дзейнічае ў Польшчы ды Нямеччыне. Працяглы час нешта падобнае функцыянавала ў СССР.

Гаворка ідзе пра сістэму балаў, якую прадугледжвае праект закона «Аб змяненні Закона РБ «Аб дарожным руху». Ініцыятар новаўвядзенняў – УДАІ МУС. Азнаёміцца з праектам можна тут. Узяць удзел у грамадскім абмеркаванні (да 23 траўня 2018 года) можна тут.

Аўтары законапраекту прапануюць наступную градацыю штрафных балаў:

– 1 бал – за парушэнне артыкулаў, якія прадугледжваюць штраф да трох базавых велічынь (няпройдзены тэхагляд), а таксама парушэнні зафіксаваныя на фота/відэафіксатар (хуткасць, паркоўка);

– 2 балы – калі санкцыя парушаных артыкулаў прадугледжвае спагнанне да пяці базавых (парушэнне патрабаванняў знакаў або разметкі);

– 3 балы – за больш цяжкія правапарушэнні (перавышэнне хуткасці на 30 км/г);

– 4 балы – за парушэнне артыкулаў, якія прадугледжваюць штраф да 10 базавых або пазбаўленне права на кіраванне транспартным сродкам.

Варта адзначыць, што згодна з новаўвядзеннямі штрафныя балы будуць «бонусам» да штрафаў – дадатковым пакараннем.

Удзельнікі грамадскага абмеркавання мяркуюць, што такі «бонус» з’яўляецца дадатковым пакараннем, а гэта супярэчыць Канстытуцыі.

Клікні, каб павялічыць! Скрыншоты з forumpravo.by

Некаторыя ўдзельнікі абмеркавання таксама трапна заўважылі, што, калі вашая жонка сядзе ў вашае аўта і парушыць хуткасны рэжым, а гэта зафіксуе фотарадар, то ці будзе справядлівым пакараць за гэта ўладальніка машыны, а не парушальніка?

Некаторыя мяркуюць, што ўвядзенне сістэмы балаў павысіць узровень карупцыі ДАІ.

Але ёсць і пазітыўныя водгукі.

У законапраекце прадугледжваецца магчымасць выдаваць права на кіраванне квадрацыкламі, снегаходамі, снегабалотаходамі. Таксама ініцыявана магчымасць атрымаць міжнароднае пасведчанне кіроўцы, ды магчымасць здаваць на правы на аўце з каробкай аўтаматам (у такім выпадку патэнцыйны кіроўца не зможа ездзіць на аўце з мануальнай каробкай перадач).

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў