МУС пра затрыманні на Зыбіцкай: «інфармацыя пра «хапун» – гэта здагадкі псеўдажурналістаў»


У шэрагу беларускіх медыяў з’явілася інфармацыя, што ноччу ў суботу на вуліцы Зыбіцкая ў Менску адбываліся масавыя затрыманні людзей, якія выходзілі з бараў.

Паведамлялася пра дзясяткі затрыманых, якіх сажалі ў аўтазакі, складалі пратаколы за ўжыванне спіртных напояў у грамадскім месцы. Тым, хто не хацеў падпісваць пратаколы, пагражалі заставіць на ноч у цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.

На сайце МУС з’явілася паведамленне, у якім міліцыянты распавядаюць пра затрыманне некалькіх дзясяткаў чалавек. Яны тлумачаць гэта тым, што шмат хто ўжывае спіртное на набярэжнай Свіслачы, а не ў памяшканнях шматлікіх бараў.

«Інфармацыя пра «хапун» і працяглае знаходжанне ў раённым аддзяленні міліцыі, якая з’явілася на асобных рэсурсах зʼяўляецца толькі здагадкамі псеўдажурналістаў і не адпавядае рэчаіснасці», – паведамляецца на сайце МУС.

Са словаў міліцыянтаў, пасля складання пратаколаў людзей адпусцілі. На Акрэсціна, а пасля ў суд трапіў толькі адзін чалавек, якога ўжо раней прыцягвалі да адказнасці за ўжыване спіртных напояў у грамадскім месцы.

Але ж у гэтай сітуацыі словы міліцыянтаў супраць словаў відавочцаў і затрыманых. Пакуль ніводны бок канфлікту не апублічыў ніякіх доказаў сваёй пазіцыі.

ГА, belsat.eu

Стужка навінаў