МУС: Пераследавалі пратэстоўцаў і разбілі дзверы ў кавярні


Паводле прэсавай сакратаркі МУС Вольгі Чамаданавай, сілавікі неаднаразова прасілі адчыніць дзверы. Што праўда, формы хоць нейкіх сілавых ведамстваў на тых, хто біў па шклу, заўважана не было.

У цэнтры Менска пасля мірнага шэсця пачаліся брутальныя затрыманні, збіццё людзей. У сеткі трапілі відэа, як людзі ў цывільным і з дубінкамі ў руках бегаюць за мірнымі пратэстоўцамі, некаторых калоцяць дубінкамі нават пасля таго, як тыя лажацца на зямлю.

Хто гэтыя людзі, невядома. Адна з кавярняў на праспекце Пераможцаў, паблізу вуліцы Няміга, пацярпела, верагодна, ад дзеянняў гэтых жа асобаў у цывільным. На відэа бачна, як хтосьці б’е па шкляной дзверы ў кавярню, тая разбіваецца, а потым з кавярні выводзяць людзей.

Пазней медыі апазналі таго, хто бʼе шкло. Гэта, верагодна, кіраўнік ГУБАЗіКа Мікалай Карпянкоў. Можна параўнаць фоты, якія зрабілі калегі з Onliner.by.

Начальнік ГУБАЗіКа, палкоўнік Мікалай Карпянкоў.
Фота: Onliner.by
Начальнік ГУБАЗіКа, палкоўнік Мікалай Карпянкоў.
Фота: Onliner.by

Пазней прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава пракаментавала TUT.by інцыдэнт:

«Папярэдне вядома: супрацоўнікі міліцыі пераследавалі актыўных удзельнікаў несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Гэтыя грамадзяне правакавалі працаўнікоў міліцыі сваімі паводзінамі (наўмысна паводзілі сябе задзірліва, груба лаяліся ў адрас супрацоўнікаў). Пры спробе супрацоўнікамі міліцыі затрымаць актывістаў, яны зачыніліся ў кавярні, фактычна забарыкадаваліся. Іх было менш за 10 чалавек, супрацоўнікі міліцыі спачатку неаднаразова прасілі адчыніць дзверы, але дзверы не адчынялі. Пасля было прынята рашэнне аб затрыманні гэтых грамадзянаў».

ВЯ Belsat.eu

Стужка навінаў