МУС пагражае прымяніць баявую зброю супраць пратэстоўцаў


Пра гэта заявіў першы намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч у відэазвароце, апублікаваным прэс-службай МУС.

«Мы адзначаем паступовае згасанне пратэставага руху – як па тэрыторыях, так і па масавасці», – сказаў Казакевіч.

Паводле яго, пратэсты, якія зрушыліся пераважна ў Менск, сталі «арганізаванымі і вельмі радыкальнымі». Ён дадае, што на акцыях у сталіцы ў мінулую нядзелю ў сілавікоў «ляцелі камяні, бутэлькі, нажы і заточкі».

«Ад імені МУС заяўляю: мы не сыдзем з вуліцаў і забяспечым парадак у краіне. Супрацоўнікі органаў унутраных спраў і ваеннаслужачыя ўнутраных войскаў у выпадку неабходнасці будуць прымяняць спецсродкі і баявую зброю», – папярэдзіў намеснік міністра.

Нагадаем, падчас учорашняга маршу больш за 600 чалавек былі затрыманыя, ёсць параненыя ў выніку жорсткага збіцця сілавікамі. Улады прымянялі вадамёты, газавыя балончыкі, светлашумавыя гранаты, стралялі гумавымі кулямі.

Паводле дадзеных праваабаронцаў, з пачатку крызісу ў Беларусі загінулі прынамсі 5 чалавек, тысячы пацярпелі. Ніводнай крымінальнай справы за катаванні дагэтуль няма.

КА belsat.eu

Стужка навінаў