МУС падазрае ў найміцтве 734 жыхара Беларусі


На дачыненне да найміцтва МУС правярае 734 беларускіх грамадзяніна і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Беларусі. З іх устаноўлена 188 чалавек, якія дакладна прымалі ўдзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны.

Пра гэта паведаміў у інтэрв’ю «СБ-Беларусь сегодня» начальнік ГУБАЗіК МУС, палкоўнік Мікалай Карпянкоў.

Пры гэтым ён не патлумачыў, ці значыць гэта, што астатнія 546 наймітаў ваявалі ў іншых узброеных канфліктаў або яны таксама маглі ваяваць на Данбасе, але дакладна гэта невядома.

ГУБАЗіК таксама мае аператыўныя матэрыалы на 22 грамадзяніна Украіны, Расеі, Таджыкістана, якія пражывалі ў Беларусі і таксама ваявалі на Данбасе (адзін з іх загінуў). Сабрана пяць матэрыялаў даследчых праверак у дачыненні да наймітаў-беларусаў, якія маюць намер у бліжэйшы час вярнуцца на радзіму – яны будуць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці. На кантроль перасячэння дзяржмяжы пастаўленыя 90 наймітаў, сцвярджае палкоўнік Карпянкоў.

«У выніку вал беларускіх «добраахвотнікаў», характэрны для першых гадоў унутрыўкраінскія канфлікту, збіты. Каля 40 чалавек, якія ваявалі на баку «Правага сектара» і іншых падобных украінскіх фармаванняў, застаюцца за мяжой. Сюды яны вярнуцца не могуць – у Беларусі супраць іх распачатыя крымінальныя справы за злачынствы, якія тут здзейснілі раней (хуліганства, нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, махлярства, крадзяжы і г.д)», – заявіў Карпенкаў.

Начальнік 3-га ўпраўлення ГУБАЗіК палкоўнік міліцыі Міхаіл Бедункевіч паведаміў у інтэрвʼю:

«Сёлета па фактах найміцтва распачатыя 8 крымінальных справаў у дачыненні да 6 удзельнікаў баявых дзеянняў на баку самаабвешчаных ДНР і ЛНР. Але мы не вылучаем нейкай адной катэгорыі людзей, якія ваявалі на пэўным баку. Закон дае права прыцягваць як адных, так і іншых, чым мы і карыстаемся. Інфармацыяй пра іх мы валодаем у поўнай меры».

Нагадаем, у выніку нядаўняга журналісцкага расследавання belsat.eu стала вядома, што грамадзяне Беларусі складаюць трэцюю па колькасці нацыянальную групу сярод удзельнікаў вайны на Данбасе пасля ўкраінцаў і расейцаў. Паводле самых стрыманых ацэнак, агульная колькасць удзельнікаў канфлікту з беларускімі пашпартамі за чатыры гады дасягае 1 тыс. чалавек. Прычым на аднаго беларуса, што ваюе на баку Украіны, прыпадаюць тры беларусы на баку ЛДНР.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў