МУС: беларускія гатэлі ды вакзалы «мінуюць» з-за мяжы


19 жніўня 2019 года. Гасцініца «Юбілейная» пасля паведамленняў аб замінаванні будынку. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

Сляды ілжывых электронных паведамленняў пра замінаваныя аб’екты ў Беларусі вядуць за межы краіны. Пра гэта паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення раскрыцця злачынстваў у сферы высокіх тэхналогіяў МУС Кірыл Вяткін, перадае БелТА.

«Зыходзячы з геаграфіі супрацьпраўных дзеянняў і тых кропак, якія былі выяўленыя, мы гаворым – гэта сумежныя дзяржавы і краіны Заходняй Еўропы», – сказаў прадстаўнік МУС.

Пры гэтым зламыснікі выкарыстоўваюць Tor, VPN, ананімныя сэрвісы электроннай пошты, проксі-сэрверы, VoIP-тэлефаніі, каб схаваць сваё месцазнаходжанне.

Паколькі ва Украіне таксама фіксаваліся падобныя паведамленні ад імя групоўкі «Orwell», МУС Беларусі супрацоўнічае ў гэтым пытанні з украінскімі калегамі.

Hавiны
«Групоўка Orwell» займалася ілжэмініраваннем ва Украіне – паліцыя знайшла расейскі след
2019.08.19 18:31

У сваю чаргу намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку МУС Максім Свірыд адзначыў, што ігнараваць паведамленне пра небяспеку, якое прыйшло на электронную пошту, нельга. Ён таксама нагадаў, што працаўнікам, якія адмаўляюцца выходзіць на вуліцу на час эвакуацыі, можа пагражаць адміністратыўная адказнасць.

Апошнія паведамленні пра масавыя мінаванні ў Менску фіксаваліся 19 жніўня. Пасля паведамлення аб «замінаванні» праз электронную пошту сапёры шукалі небяспечныя прадметы на вакзале і ў аэрапорце, а таксама ў гасцініцах «Беларусь», «Гарні» і «Юбілейная».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў