МУС: Беларусь і Расея будуць узаемна прызнаваць замежныя візы з першага кварталу 2018 года


Беларуская памежніца вывучае замежны пашпарт

Перш за ўсё дзве краіны дазволяць замежнікам адносна вольна перамяшчацца па сваёй тэрыторыі ў сувязі з будучым Чэмпіянатам свету па футболе, паведамляе Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.

Першы этап перамоваў адносна ўзаемнага прызнання візаў адбыўся ў Расеі, другі раўнд плануецца правесці ў Беларусі.

Пасля прыняцця пагаднення і іншых дакументаў, якія будуць рэгламентаваць кароткатэрміновую прысутнасць замежных грамадзян на тэрыторыі Беларусі і Расеі, дзяржаўныя службы двух краін арганізуюць абмен інфармацыяй у анлайн-рэжыме пра выдадзеныя і ануляваныя візы, распавёў начальнік Дэпартамента па грамадзянству і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун.

Спісы непажаданых замежнікаў?

МУС паведамляе, што ўжо зараз «інфармуе расейскіх калег пра механізм кантролю міграцыйных струменяў», што ўжо арганізаванае ўзаемадзеянне паміж адпаведнымі ўстановамі дзвюх краін.

«Перыядычна мы абменьваемся спісамі асобаў, якія ў сілу розных абставін парушылі нормы заканадаўства ці выехалі ў Расейскую Федэрацыю. Прычым у спісы асобаў мы ўключаем не толькі парушальнікаў, але таксама і тых асобаў, прыбыццё ці знаходжанне якіх на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы забароненыя ці непажаданыя», – сказаў Бягун.

Павел Грыб у судзе. Фота – Фэйсбук

У гэтым кантэксце варта згадаць справу ўкраінца Паўла Грыба. 24 жніўня памежнікі прапусцілі яго ў Беларусь, але пазней расейскія спецслужбы схапілі Грыба на гомельскай аўтастанцыі і вывезлі ў Смаленск. Цяпер хлопец у Краснадарскім СІЗА чакае суду як абвінавачаны ў падрыхтоўцы тэракту. Арышт Паўла Грыба падоўжаны ў Расеі да 4 сакавіка 2018 году.

У Еўразвязе лічаць выкраданне ўкраінца Паўла Грыба расейскімі спецслужбамі яшчэ адным прыкладам грубых парушэнняў правоў чалавека і асноўных свабодаў, якія ўлады РФ ажыццяўляюць супраць грамадзянаў Украіны.

Бязвіз: статыстыка за 2017 год

Усяго за мінулы год па бязвізу наведалі Беларусь каля 80.000 замежнікаў з 65 краін. Больш за ўсіх – грамадзян Нямеччыны (12,7 тыс.), Польшчы (7,6 тыс.), Італіі (6,7 тыс). Усяго яны былі заўважаныя ў 500 розных правапарушэннях, якія пераважна нязначныя і заслугоўваюць толькі грашовага пакарання ці нават простага папярэджання.

Аўтобус для экскурсіяў у Менску. Фота БЕЛТА

Аляксей Бягун заявіў, што 500 парушэнняў на фоне прыбыцця 80.000 гасцей – гэта «кропля ў моры». Такім чынам «бязвізавыя» замежнікі не ствараюць ніякіх асаблівых праблем для жыхароў Беларусі, як можна зразумець са статыстыкі МУС.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары