Міліцэйскае ведамства змясціла на сваім сайце афіцыйную заяву ў адказ на словы мітрапаліта пра заніжэнне сілавікамі колькасці ўдзельнікаў калядных набажэнстваў.
Некалькі дзён таму ў адкрытым лісце міністру ўнутраных справаў Ігару Шуневічу мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч выказаў непакой наконт таго, што ў апошнія гады штучна заніжаюцца звесткі па колькасці вернікаў, якія прымаюць удзел на святы Божага Нараджэння (Раства і Вялікадня).
«Паводле інфармацыі афіцыйнага сайта міністэрства, якім Вы кіруеце, на набажэнствах у ноч на Божае Нараджэнне ў Рэспубліцы Беларусь у гэтым годзе прысутнічала каля 40 тыс. вернікаў, што не адпавядае рэчаіснасці і гэтая лічба зʼяўляецца відавочна заніжанай, пра што сведчаць дадзеныя па Менску і Горадні, не кажучы пра іншыя парафіі, асабліва на Гарадзеншчыне», – між іншым гаварылася ў лісце мітрапаліта.
На што Міністэрства ўнутраных справаў у сваім сённяшнім адказе паведаміла:
«Паводле МУС, на калядных богаслужэннях 24-25 снежня на тэрыторыі Беларусі ўзялі ўдзел больш за 113 тыс. асобаў. Разам з тым варта адзначыць, што для міністэрства колькасць грамадзянаў, якія бяруць удзел у масавых імпрэзах, мае значэнне выключна з пазіцыі расстаноўкі неабходнай колькасці сілаў і сродкаў. Нашая галоўная задача – забеспячэнне грамадскай бяспекі».
Тадэвуш Кандрусевіч падтрымаў «Белсат»: Не трэба траціць надзеі
У паведамленні адзначаецца, што інфармацыя на старонцы mvd.gov.by не зʼяўляецца афіцыйнай і патрабуе ўдакладненняў, а агучаная лічба ў 40 тыс. вернікаў тычацца выключна начных багаслужэнняў у касцёлах у ноч з 24 на 25 снежня.
МУС паабяцала ў будучыні не публікаваць лічбаў адносна колькасці ўдзельнікаў рэлігійных падзеяў. Інфармацыя пра колькасць удзельнікаў калядных набажэнстваў выдаленая з сайту міністэрства.
Чытайце таксама >>> Святы з «Белсатам»: праграмы, фільмы, канцэрты на Каляды і Новы год
НМ, belsat.eu