МУС абвесціла пра затрыманне пратэстоўцаў, якія сапсавалі вадамёт


Прэс-служба МУС паведамляе, што ГУБАЗіК знайшоў тых, хто адзначыўся «актыўнымі супрацьпраўнымі дзеяннямі» падчас акцыі пратэсту ў Менску 4 кастрычніка. Ім пагражае крымінальны пераслед.

Паводле МУС, пяцёра хлопцаў ва ўзросце ад 21 да 30 гадоў «каардынавалі натоўп, а таксама ўдзельнічалі ў счэпцы і блакаванні дарожнага руху».

«Акрамя таго, 27-гадовы жыхар Столінскага раёна разукамплектаваў вадамёт (вырваў гідрапомпы), а 26-гадовы менчук закідаў спецтэхніку камянямі. Яшчэ два 21-гадовыя хлапчукі з Нясвіжа і Магілёва падазраюцца ў тым, што заклеілі аб’ектыў камеры вонкавага назірання на будынку Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў. Асоба іх трэцяга саўдзельніка высвятляецца», – адзначаецца ў прэс-рэлізе МУС.

Цяпер маладыя людзі ў ІЧУ. У дачыненні іх складзены адміністратыўныя пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Аднак адначасова ім пагражае крымінальны пераслед: матэрыялы праверкі праверкі па фактах удзелу затрыманых у дзеяннях, што груба парушаюць грамадзкі парадак, накіраваныя следчым для дачы прававой ацэнкі.

«Марш вызвалення» ў Менску. 4 кастрычніка 2020 года.
Фота: ТК / belsat.eu

То бок гаворка ідзе пра арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя або падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Гэта адзін з тых артыкулаў, якія сілавікі звычайна выкарыстоўваюць для палітычна матываванага пераследу ўдзельнікаў мірных пратэстаў у Беларусі.

Акрамя таго, у МУС адзначаюць, што «некаторыя затрыманыя з’яўляліся актыўнымі ўдзельнікамі жнівеньскіх масавых закалатоў у Менску, у сувязі з чым цяпер праходзяць фігурантамі па крымінальнай справе».

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў