«МТБанк» вярнуў грошы за пандус, зробіць безбар’ернымі ўсе свае ўстановы і дапаможа дзяўчыне-вазочніцы


Фота з Facebook Сашы Аўдзевіча

Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook напісаў актывіст Саша Аўдзевіч, які раней за ўласныя сродкі ўсталяваў пандус у лідскім аддзяленні «МТБанк».

«Вырашылі мы ўсё вельмі дыпламатычна і зладжана. Я атрымаў кэшбэк у выглядзе круцейшай карты банку з выдаткаванымі на добраўпарадкаванне грашыма, банк атрымаў пандус. МТБанк афіцыйна вырашыў зрабіць усе свае ўстановы friendly, дзе я буду ў ролі чалавека, які дапаможа вырашыць праблему ў самым бюракратычным месцы (калі такія будуць)», – напісаў Аўдзевіч.

Таксама ён распавёў, што банк дапаможа сіраце. 22-гадовая вазочніца жыве ў інтэрнаце і праз адсутнасць безбар’ернага асяроддзя не можа выйсці з дому.

З чаго ўсё пачалося?

Аляксандр Аўдзевіч цэлы год прасіў «МТБанк», кліентам якога ён з’яўляецца, усталяваць пандус на ўваходзе ў адно з аддзяленняў банку ў Лідзе. Не дачакаўся. І зрабіў гэта сам.

Пандус Аляксандр набыў на грошы, якія ён узяў у крэдыт у «МТБанк». На наступны дзень «МТБанк» папрасіў прабачэння і «прапанаваў зрабіць штосьці разам».

ГА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары