«Можна пісаць сабе лісты з будучыні, дзе мы перамаглі». Топ-7 парадаў, як выжыць на соднях


Колькасць затрыманых за апошнія паўгода беларусаў перавысіла 20 тыс. асобаў. А значыць, шанец трапіць пад адміністратыўны арышт значна павялічваецца. «Белсат» падрыхтаваў інструкцыю, якая дапаможа вам перажыць гэты складаны час з найменшымі стратамі.

Вазьміце з сабою рэчы першай неабходнасці

Лепей быць пільнымі і падрыхтавацца да затрымання заранёў. Калі збіраецеся на акцыю, вазьміце з сабою рэчы першай неабходнасці. Вось прыкладны спіс:

  • зубная паста і шчотка,
  • батончыкі,
  • шкарпэткі і майткі,
  • акуляры (калі носіце),
  • патрэбныя вам лекі,
  • вельмі цёплае адзенне,
  • пракладкі або тампоны (для жанчын).

Міхась Варанцоў, якога затрымалі на маршы 11 кастрычніка і асудзілі на 12 содняў, раіць асобна трымаць пры сабе пакет з сабранымі заранёў рэчамі падчас афармлення затрыманых у РУУС.

Але ці ўдасца забраць у турму падрыхтаваныя яшчэ ўдома рэчы, пытанне, у першую чаргу, удачы і настрою сілавікоў, якія будуць затрымліваць і афармляць. Калі трапіце на «добрую» змену, то шанцы значна павялічваюцца.

Міхась Варанцоў намаляваў, як выглядала ягоная камера ў Жодзінскім СІЗА.
Фота: архіў героя

Перадача – не для аднаго чалавека

Зараз улады ўсялякімі спосабамі робяць працэс перадачы неабходных рэчаў у ІЧУ і ЦІП больш складаным. На Акрэсціна, у Жодзіна і Баранавічах, асноўных месцах утрымання вязняў, перадачы дазволеныя толькі раз на тыдзень. Часта арыштаваных раптоўна пераводзяць у іншы горад у дзень перадач, і чалавек застаецца без неабходнага.

Таму калі збіраеце перадачу, разлічвайце, што гэтымі рэчамі і ежай можа карыстацца не толькі адзін чалавек.

Што варта перадаць:

  • настольныя гульні,
  • цыбулю і часнык, прыправы, соль – імі можна палепшыць смак ежы,
  • маску для сну і бярушы,
  • цёплы плед,
  • бялізну, тапкі і хатнюю вопратку,
  • садавіну і гародніну,
  • паперу і асадку,
  • кнігі і часопісы, падручнікі, сканворды,
  • вільготныя сурвэткі,
  • пракладкі або тампоны для жанчын.

Больш падрабязны спіс глядзіце тут.

Усе прадукты трэба дастаць з упаковак і перакласці ў празрыстыя пакеты або іншую празрыстую тару. Вялікія шакаладкі трэба разламіць на кавалачкі, а каўбасу – абавязкова парэзаць. Дарэчы, азартныя гульні забароненыя.

«Важна ўсім дзяліцца – перадачамі, тым, што ёсць. Там няма твайго асабістага, усё агульнае, і ў гэтым вашая моц таксама», – кажа паэтка Ганна Комар, якая адседзела 9 содняў за ўдзел у жаночым маршы.

Валанцёры на Акрэсціна.
Фота: Іра Арахоўская / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Сябруйце камерай

Размова – гэта ледзь не галоўная забаўка падчас содняў.

«З сукамернікамі варта размаўляць, жартаваць, падтрымліваць адзін аднаго. Улічваючы, што ўсе «палітычныя» – звычайна цікавыя людзі з вышэйшай адукацыяй. Мы ў кожнай камеры, куды б мяне не кідалі, знаходзілі агульную мову вельмі хутка», – распавядае журналіст «Белсату» Дзяніс Ганчарэнка, які сядзеў 12 содняў.

Ганна Комар раіць падтрымліваць адзін аднаго і памятаць, што ўсім прыходзіцца няпроста.

«Мы жартавалі, спявалі, чыталі разам. Дзяліліся гісторыямі, – кажа яна. – Калі ў вас з кімсьці ўсталяваўся блізкі кантакт, то можна рабіць агульны масаж. Тактыльны кантакт вельмі дапамагае».

Апроч размоваў, бавіць час на соднях можна настольнымі гульнямі, супольнымі спевамі, вядзеннем дзённікаў, маляваннем, чытаннем лекцыяў. Філосафка і дарадца Святланы Ціханоўскай у пытаннях адукацыі Вольга Шпарага за 15 дзён, якія яна правяла на Акрэсціна, прачытала цэлы курс лекцыяў і нават выдавала слухачкам сертыфікаты.

Такія сертыфікаты выдаваліся слухачкам лекцыяў па філасофіі ў Жодзінскай турме.
Фота: Вольга Шпарага

Не губляйце аптымізму

У надзвычайных умовах можа быць няпроста захоўваць бадзёрасць духу. Але аптымізм, як кажа Ганна Комар, дапамагае перажыць гэты няпросты час:

«Варта памятаць, дзеля чаго ўдзельнічаеш у супраціве, ва што верыш. Прыгадвайце ў галаве прамовы Віктара Бабарыкі і Марыю Калеснікаву. Можна пісаць сабе лісты з будучыні, дзе мы перамаглі. Важна разумець, што калі раскіснеш ты, гэта будзе ўплываць на іншых. Таму трэба трымацца».

Філосафка Вольга Шпарага кажа, што ратавалася на соднях медытацыяй.

«Яна дапамагае ў вельмі цяжкія хвіліны. Я кладуся, расслабляюся і пачынаю атрымоўваць адказы», – гаворыць яна.

Міхась Варанцоў падкрэслівае, што яму дапамагала думка пра магчымасці выкарыстаць час на соднях на сябе.

«У турме прыемная кампанія, там можна выспацца і заняцца рэчамі, на якія звычайна не хапае часу. Напрыклад, прачытаць кнігі».

Вольга Шпарага ў турме малявала, як выглядае супольны стол.
Фота: архіў гераіні

Трымайце межы з адміністрацыяй

Суразмоўцы «Белсату» падкрэсліваюць, што варта не баяцца паставіць супрацоўнікаў турмы на месца. Ведайце і памятайце пра свае правы, асабліва арт. 27 Канстытуцыі, які дае магчымасць не сведчыць супраць сябе або сваёй сям’і.

«У нас былі дзяўчаты, якія з адміністрацыяй міла стасаваліся і фліртавалі. Але мне асабіста гэта было агідна, і таму я з імі стасавалася максімальна стрымана, увогуле намагалася не размаўляць. Не бойцеся паставіць іх на месца: у нас адзін міліцыянт прыбег і пачаў лямантаваць, што нас усіх паб’е. Мы сказалі, што напішам на яго скаргу. Пасля гэтага выбачаўся», – распавядае Кацярына Гаспадарык, якая атрымала 13 содняў за ўдзел у акцыі ў падтрыманне Марыі Калеснікавай.

Варта захоўваць мяжу паміж тактычнымі і нахабнымі паводзінамі.

«З наглядчыкамі асабіста я паводзіў сябе спакойна і не агрызаўся, агулам і з іх боку стаўленне да мяне было досыць нейтральнае. Але былі тыя, хто спрабаваў з імі спрачацца, казаў што яны ўсе тут парушаюць закон і што неўзабаве самі будуць сядзець за кратамі. На такіх рэагавалі больш жорстка, але да фізічнага гвалту не даходзіла. Звычайна гэта былі проста кароткія сваркі, якія асабліва ні на што не ўплывалі», – кажа Дзяніс Ганчарэнка.

Hавiны
«Я магла там лёгка памерці». Затрыманая доктарка – пра катаванні сілавікоў, якія ведаюць, «што ім нічога не будзе»
2020.11.10 17:10

Сачыце за вашымі словамі. Усё, што вы скажаце супрацоўнікам турмы або міліцыі, можа быць выкарыстана супраць вас.

«Не варта ўступаць у дыскусіі і спрабаваць іх перавыхаваць, паберажыце нервы. Але можна на ўласным прыкладзе паказаць, што азначае быць ветлівымі: казаць добрай раніцы, дабранач, дзякуй, пытаць, як у іх справы», – тлумачыць Ганна Комар.

Вольга Шпарага кажа, што ёсць і «неадэкватныя» супрацоўнікі турмаў, іх бачна заранёў.

«З імі варта быць асцярожнымі. Вельмі важна іх своечасова распазнаць. Але гэта даволі проста – яны часта размаўляюць крыкам», – распавядае філосафка.

Захоўвайце парадак

Чысціня не бывае лішняй. Падмятайце падлогу, у адміністрацыі для гэтага трэба папрасіць венік. Мыйце ракавіну і ўнітаз, напрыклад, зубною пастай: трэба змяшаць яе з цёплай вадой і заліць у адтуліны. Проста, эфектыўна і пакідае водар чысціні. А нарэзанае на кавалкі мыла можа выконваць функцыю асвяжальніка паветра.

Каб палепшыць побытавыя ўмовы затрыманых, раю перадаць ім ваду ў бутэльках рознага памеру. Іх можна выкарыстаць для самых розных мэтаў. Калі ў камеры няма гарачай вады, то ў іх можна набіраць ваду і грэць проста сваім целам. Потым у туалеце над ракавінаю можна памыць валасы і цела. Таксама бутэлькі можна выкарыстоўваць як падушку.

А цёплая вопратка дапаможа не толькі не змерзнуць, але змякчыць ляжанне на драўляных або нават металічных паверхнях. А лішняя прасціна прыкрые туалет.

Спробы зрабіць ўтульна ў камеры.
Фота: Вольга Шпарага

Клапаціцеся пра сябе і на волі

Пасля вызвалення ваш псіхалагічны стан можа моцна пагоршыцца. Нашыя суразмоўцы кажуць, што лепшы спосаб аднавіць сілы пасля арышту – наведванне псіхолага. Зараз існуе некалькі ініцыятываў (напрыклад, ProBono і СалідарныЯ), якія гатовыя бясплатна дапамагаць ахвярам рэпрэсіяў.

Некаторым людзям рэабілітавацца пасля арышту дапамагалі сустрэчы з сябрамі.

«Як выйшаў з содняў, то сустрэўся са сваімі таварышамі. Выпілі піва. Даволі хутка ўдалося ў сябе прыйсці, літральна за дзень-два», – распавядае Дзяніс Ганчарэнка.

Але не ўсім удалося так хутка ачуняць. Кацярына Гаспадарык кажа, што пасля арышту яе жыццё пераўтварылася ў адзін вялікі страх.

«Я хадзіла на марш 1 лістапада, ужо пасля содняў, мне было так блага! Сэрца калацілася, ціск падняўся, амаль страчвала прытомнасць. Мне вельмі сорамна, што я больш не хаджу на пратэсты, але я проста не магу. Мне нават непрыемна хадзіць па вуліцах гораду, які ў руках садыстаў», – кажа дзяўчына.

Марш пратэсту ў Менску, 25 кастрычніка 2020 г.
Фота: Агата Квяткоўска / «Белсат»

Перажыць цяжкія часы дапаможа падтрыманне і цеплыня атачэння.

«Калі я выйшла з содняў, то сутыкнуліся са шчырым масавым падтрыманнем людзей. Розных людзей – блізкіх і не вельмі, добра знаёмых, мала знаёмых і нават зусім не знаёмых. Мяне сустракаў натоўп, а калі вярнулася дадому, было яшчэ больш людзей. Шмат паведамленняў. Прапановаў дапамогі. Хтосьці купіў мне абед, хтось прапанаваў аплаціць утрыманне ў ІЧУ. Я ўбачыла, што не адна. Што мой учынак не толькі для мяне мае значэнне. Гэта дапамагае трымацца», – распавядае Ганна Комар.

***

2613 чалавек былі арыштаваныя на 32003 содняў ад 9 жніўня да 12 лістапада ў Беларусі, паводле звестак праваабарончага цэнтру «Вясна».

121 чалавек ў Беларусі быў прызнаны палітзняволеным на 13 лістапада.

13 500 чалавек з’ехалі з Беларусі ад пачатку верасня, паводле звестак Дэпартаменту па грамадзянству і міграцыі МУС.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Стужка навінаў