«Можна чакаць чартару, але невядома, калі ён будзе». Як белсатаўцы вяртаюцца дамоў праз каранцін па ўсім свеце


Увядзенне каранціну і закрыццё межаў суседнімі з Беларуссю краінамі на мінулым тыдні спрычынілася да таго, што адразу некалькі працаўнікоў «Белсату» апынуліся ў розных кутках свету ў пастцы. Цяпер яны спрабуюць трапіць дадому.

Сяргей Падсасонны, вядоўца і выдаўца «Студыі «Белсат». Канада

Сяргей Падсасонны вылецеў з Варшавы ў Канаду ў чацвер 12 сакавіка. А ўжо на наступны дзень Польшча абвесціла, што праз каронавірус з нядзелі 15 сакавіка закрывае паветраную прастору. Выключэнне толькі для чартарных рэйсаў. Цяпер Сяргей у Атаве, куды скіраваўся, каб падрыхтаваць матэрыялы да 102-х угодкаў утварэння БНР.

Сяргей Падсасонны

«У канадскіх медыях каронавірус – тэма нумар адзін. У СМІ паведамляюць пра кожны новы зарэгістраваны выпадак COVID-19, а таксама пра стан сям’і прэм’ера Жустэна Трудо, чыя жонка захварэла на каронавірусную інфекцыю. Калі паглядзець на вуліцы – яны амаль цалкам пустыя. Бары ды рэстараны ў большасці працуюць да 19:00, у крамах панікі, што праўда, не назіраецца. Яшчэ больш людзей, чымся ў Еўропе, ходзяць у гумавых пальчатках, каб не дакранацца да кнопак у ліфце, да дзвярных клямак, а таксама ў масках.

Дэзынфекцыя ў аўтобусе.
Фота: Peter Kovalev / TASS / Forum

Усе імпрэзы, дарэчы, адмянілі: 15 сакавіка беларусы ў Атаве планавалі адзначаць Дзень Волі, але ў выніку свята адмянілі.

Што датычыць таго, як выбрацца з Канады. Сітуацыя вельмі няясная. З аднаго боку, кажуць, што будуць чартары, магчыма заўтра-паслязаўтра. Адзін з іх быў 15 сакавіка, яго вельмі хутка напоўнілі, а калі наступны будзе, пакуль невядома. Таму хутчэй за ўсё буду спрабаваць даляцець да Нямеччыны, якая пакуль не зачыніла межаў, а далей аўтобусам да Варшавы. Ад сваіх знаёмых чуў, што на нямецка-польскай мяжы вялізныя чэргі. Але самы вялікі страх у іншым. Калі б я ляцеў беспасярэдне да Варшавы, у мяне было б больш упэўненасці, што я мінімізую рызыку. У маім жа выпадку давядзецца рабіць перасадкі, чакаць на мяжы, то бок пастаянна быць побач з вялікаю колькасцю людзей… І гэта, безумоўна, непакоіць».

Паўпустыя вуліцы ў Канадзе. Фота Сяргея Падсасоннага

Дзмітрый Ягораў, кіраўнік аддзелу інфармацыі «Белсату». У дарозе з Барсэлоны да Варшавы

Дзмітрый вылецеў разам з жонкай і сынам у Барсэлону ў чацвер 12 сакавіка. У сталіцы Каталунні кіраўнік аддзелу інфармацыі «Белсату» планаваў узяць удзел у марафоне, да якога рыхтаваўся цэлы год.

Адная з турыстычных візітовак Барсэлоны, вуліца Las Ramblas. 16 сакавіка 2020 г.
Фота: Marta Perez / EFE / Forum

«Марафон, вядома ж, адмянілі яшчэ да майго вылету, і я планаваў узяць удзел у альтэрнатыўным забегу: на дзень вылету сітуацыя ў Барсэлоне была яшчэ больш-менш спакойная. Аднак ужо бліжэй вечара пятніцы стала зразумела, што сітуацыя сурʼёзная. Першыя дні мы яшчэ выходзілі з дому, гулялі ў парках, а таксама ў месцах, дзе было менш за ўсё людзей. Ужо на выходных тут быў каранцін, улады абмежавалі перасоўванне людзей: урад дазволіў выходзіць з дому толькі ў крамы па прадукты, на працу і ў пільных справах. Паліцыя спыняе кожнага, хто ходзіць па вуліцах без сурʼёзных прычынаў, гавораць праваахоўнікі праз мегафоны. Самыя ж каталонцы перамаўляюцца паміж сабою праз вокны, дапамагаюць адно аднаму і падтрымліваюць, як могуць.

Hавiны
Вакзалы прадаюць апошнія аўтобусныя білеты ў Літву і Украіну. Рэйсы ў Польшчу і Латвію адмененыя
2020.03.15 16:07

Што ж да нашага выезду. Пасля закрыцця іспанскім урадам межаў мы сталі адразу думаць, як будзем выязджаць. Можна было чакаць чартару, які арганізуе польская дзяржава, але мы вырашылі ехаць самастойна, бо невядома, калі ён будзе. Была ідэя нават купіць таннае аўта, каб неяк выехаць самастойна, аднак у выніку мы набылі квіткі на самалёт да Бардо. То бок наважыліся неяк ехаць праз Францыю. Аднак ужо ў аэрапорце нам прапанавалі перабраняваць нашыя зваротныя квіткі ў Варшаву праз Нямеччыну. У выніку мы паляцелі да Франкфурту, а там даехалі да Берліну. Цяпер галоўная задача – дабрацца нейкім чынам да Варшавы».

Андрэй Шобін, журналіст. Паспяхова вярнуўся ў Беларусь з Егіпту

Андрэй разам з 13-гадоваю дачкою Дарʼяй вылецеў з Кіева на адпачынак у Егіпет. «Мы купілі пуцёўку ва ўкраінскага аператара «TUI» і прыляцелі ў аэрапорт Шарм-эш-Шэйху 12 сакавіка. Наш гатэль быў амаль цалкам запоўнены. Першыя два дні было халоднае і дажджлівае надворʼе, таму на пляжы аказаліся толькі 14-га. І ўжо ў гэты ж вечар нас паклікалі з рэцэпцыі на сустрэчу з прадстаўніком тураператара. Ён паведаміў, што заўтра мы ляцім назад у сувязі з закрыццём мяжы ва Украіне і патрабаваннем украінскіх уладаў усіх вярнуць да 17 сакавіка.

Андрэй разам з 13-гадоваю дачкою Дарʼяй

На курорце, дарэчы, усё спакойна, людзей у масках я не пабачыў. А вось у самым аэрапорце сітуацыя нагадвала міні-апакаліпсіс! Апоўдні з невядомай прычыны перасталі працаваць усе мясцовыя аператары мабільнай сувязі, інтэрнэт, роўмінг у замежнікаў. Дзясяткі тысяч турыстаў у Шарм-эш-Шэйху засталіся без сувязі. Паліцыя, абслуга аэрапорту, турыстычныя аператары карысталіся ўнутранаю радыёсувяззю. Інтэрнэту не было да адлёту, нават не ведаю, ці зʼявіўся ён. Напрыклад, сваякі не ведалі, што мы датэрмінова вяртаемся, даведаліся толькі за паўгадзіны… Адметна, што беларускія турысты, якія прыляцелі з Беларусі, спакойна застаюцца на месцах і працягваюць адпачынак. Для нас жа вяртанне на радзіму праз Украіну стала сапраўдным выпрабаваннем, бо аператары, што здзяйснялі трансферы з Беларусі ў Кіеў і назад, спынілі працу праз закрыццё ўкраінскай мяжы. Аднак пашчасціла, бо я дамовіўся яшчэ ў Егіпце з сямʼёй адпачыннікаў дабрацца іхным аўтамабілем. На памежным пераходзе Новая Гута амаль не было машынаў, таму мяжу прайшлі даволі хутка».

Людзі ідуць перад пустымі паліцамі з макароннымі вырабамі ў супермаркеце Буэнас-Айрэсу, Аргенціна 15 сакавіка.
Фота: AGUSTIN MARCARIAN / Reuters / Forum

Дар’я Румянцава, журналістка. Лацінская Амерыка

Цяпер я і мае сяброўкі ў Ліме, першапачаткова ў Перу мы прыляцелі яшчэ 27 лютага. Панікі не назіраецца, але людзі ад нас стараюцца адварочвацца, бо выглядаем мы на турыстак з Еўропы. Адметна, што за ўсё падарожжа па краінах Лацінскай Амерыкі толькі адзін раз у нас праверылі тэмпературу, гэта было ў Балівіі. У самалёце да Лімы ляцеў побач чалавек, які страшна кашляў, і ніхто з працаўнікоў аэрапорту ды самалёта не звярнуў на яго ўвагі.

Паліцыя блакуе ўваход у аэрапорт Лімы. Фота Дар’я Румянцава

Заўтра ў нас рэйс да Мехіка, адтуль мы мусім ляцець у Амстэрдам. Аднак як далей – невядома, бо наш рэйс да Варшавы адмянілі. Мы купілі квіткі на аўтобус, але і яго, падобна, таксама адменяць. Таму галоўнае для нас цяпер – трапіць у Еўропу, бо наступныя рэйсы да Амстэрдаму з Мехіка ўжо адмененыя.

Турысты ў Перу, 13 сакавіка 2020 г.
Фота: Paolo Aguilar / EFE / Forum

Вольга Галецка, каардынатарка варшаўскай рэдакцыі навінаў. Аргентына, Буэнас-Айрэс

«У Аргентыну я вылецела ў чацвер 12 сакавіка, з самай раніцы. Ужо на месцы аказалася, што я прыляцела ў краіну, якая адмяняе ўсе вылеты ў Еўропу. Адразу звязалася з польскай амбасадаю. Змяніць мой квіток да вызначанай гадзіны ў Польшчы не ўдалося: зрэшты, авіякампанія пакуль не вельмі актыўна адказвае.

Купіць новы квіток у Нямеччыну, як раіць амбасада, каб потым дабрацца ў Польшчу аўтобусам, немагчыма. На найбліжэйшыя дні іх проста няма.

Пасажыры носяць маскі, каб абараніць сябе ад каронавіруса падчас транзіту праз міжнародны аэрапорт Эзейза ў Буэнас-Айрэсе, Аргенціна, 13 сакавіка 2020 года.
Фота: RONCORONI / EFE / Forum

Застаюцца ў мяне два варыянты. Той, на які разлічваю больш за ўсё, – чартар у межах эвакуацыі. Ён пакуль пад пытаннем: я зарэгістравалася, але няма 100 %, ці будзе ён зарганізаваны з Аргентыны. Другі варыянт – вяртацца рэйсам, якім мусіла ляцець (Буэнас-Айрэс – Рыа-дэ-Жанэйра – Амстэрдам – Варшава). Тут два нюансы: невядома, ці цягам гэтага часу, які застаецца, не закрыюцца краіны, праз якія я павінная ляцець. Пакуль пра тое, як зарганізаваць апошні кавалак дарогі, то бок да Варшавы, не думаю: усё можа яшчэ змяніцца.

Абноўлена
«По соображению карантина». Расея закрывае мяжу з Беларуссю
2020.03.16 00:38

Апошні варыянт – проста пачакаць, што будзе далей. І ён не найгоршы. Тут пакуль усё даволі спакойна. То бок Аргентына закрытая, прэзідэнт краіны кажа, што ёсць план усіх зачыніць удома на 10 дзён. Музеі, тэатры зачыненыя, але бары ды рэстараны працуюць, у іх шмат людзей. Людзей у масках няма, і ў крамах усяго хапае. Акрамя мыла да дэзынфекцыі. Я стараюся не гуляць там, дзе натоўпы людзей, хаджу па вузкіх вулачках і разглядаю дрэвы ў парках. Стараюся не думаць пра тое, што дом і сям’я далёка ды невядома, калі вярнуся. Бо так можна было б проста страціць розум».

Размаўляў Віталь Бабін belsat.eu

Стужка навінаў