«МОВАЛАНД» – мова ідэалогіі. Выстава «Slavs and Tatars» у Менску


У Менску праходзіць выстава мастацкага калектыву «Slavs and Tatars» («Славяне і татары»), працы якіх дэманстраваліся ў Музеі сучаснага мастацтва ў Нью-Ёрку, у венскім «Сэцэсьёне», экспазіцыйнай зале Цюрыху «Кунстгале» і ў дрэздэнскім «Альбэртынуме». Мастакі прынцыпова адмаўляюцца ад індывідуальнага аўтарства. Даследуюць рытуалы, мовы і ідэнтычнасці постсацыялістычнага рэгіёну. За іх жартаўлівымі ды іранічнымі працамі хаваецца грунтоўная праца ў бібліятэках і акадэмічным асяродку.

Выстава праходзіць у Галерэі сучаснага мастацтва «Ў». У першай зале мы ўбачым карыкатурныя дываны серыі «Love Letters», якія распавядаюць аб гвалтоўным укараненні кірыліцы пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. Персанажы спрабуюць перабудаваць звыклы спосаб вымаўлення і выглядаюць недарэчна. У цэнтры залы месціцца інсталяцыя «PrayWay», якая нагадвае падстаўку для чытання Карану і тахту – распаўсюджаны тып мэблі ў чайхане.

У цэнтры залі праца «Pray Way» – пра працэс дыялогу культур і пра баланс поглядаў і ўстановак грамадства

Геаграфія даследаванняў калектыву ахоплівае ўсю постсавецкую прастору і ўздымае пытанні шматмоўя і аўтэнтычнасці. Назва «Моваланд» нагадвае гучаннем англійскае Motherland – радзіма. Гульні з словамі вабяць «Slavs and Tatars», мастакі жанглююць гістарычнымі фактамі і выдумкамі. Краіна Моваланд – гэткі ідэалістычны вобраз месца з ужываннем адзінай роднай мовы. Але ўсе экспанаты гавораць толькі пра складанасці ды страту ідэнтычнасці.

Люстэрка з серыі «Любіць – не любіць», аб перайменаванні геаграфічных аб’ектаў. «Язык як лапата» – гэта барная стойка, пры якой развязвацца языкі
Анна Карпенка – куратарка, мастацтвазнаўца, адна з арганізатарак выставы «Моваланд»

Шматмоўе Беларусі

Праз моўныя маніпуляцыі ды перайменаванні прасоўваюцца ідэалагічныя ідэі. Гэта літаральна адлюстравана ў працы з серыі «Любіць – не любіць», дзе горад Койданаў, назва якога мае татарскую этымалогію, у 1932 годзе быў перайменаваны ў Дзяржынск. Адна з арганізатарак імпрэзы Ганна Карпенка распавядае, чаму гэтая выстава важная для беларускага гледача:

«У першую чаргу гэта сапраўды вялікая ўдача – займець такіх запатрабаваных у свеце мастакоў, толькі дзякуючы Інстытуту Гётэ і Галерэі сучаснага мастацтва «Ў» мы можам пабачыць іхныя працы ў Менску. Тэмы, з якімі працуюць мастакі, відавочна суадносныя з актуальнымі пытаннямі, як моўныя рэформы ўплываюць на геапалітычныя падзеі.

Праца «Шпагат»
Інсталяцыя «Пшанічны мула»
«Кітаб» у перакладзе з арабскай значыць «кніга». У Беларусі існуюць кнігі з 16-га стагоддзя, напісаныя пераселенымі татарамі па-беларуску арабскім пісьмом. Гэтыя, у цяперашні час вельмі рэдкія сведчанні пісьмовай культуры ранняга Адраджэння, называюць «кітабамі»

У экспазіцыі ёсць два абʼекты, якія непасрэдна звязаныя з нашым кантэкстам. Гэта праца, што называецца «Любіць – не любіць», адна з цыклу працаў аб перайменаваннях розных месцаў і гарадоў. І праца «Лектар», паэма XI стагоддзя, якая адмыслова для выставы была перакладзеная паэтам Ціханам Чарнякевічам. Тэкст належыць да асаблівага жанру, называецца «люстэрка для прынцаў» – гэта серыя парадаў маладому ўладару. Як менавіта трэба карыстацца мовай, каб дамагчыся поспеху ў палітычнай карʼеры. Гэта як англійская мова – на адной і той жа мове могуць размаўляць Трамп і Абама, і гэта будуць зусім розныя мовы».

Выстава працягнецца да 21 красавіка 2019 г.

ЛП belsat.eu

Стужка навінаў