Моцныя, разумныя, паспяховыя. Прыклады жанчын сярод прэзідэнтаў і прэм'ераў у гісторыі і сучаснасці


Аляксандр Лукашэнка неаднаразова казаў, што не жаночая гэта справа – быць прэзідэнтам. То Канстытуцыя пад жанчыну не напісаная, то праца гэтая занадта цяжкая. Падчас наведвання Віцебску кіраўнік краіны наагул прапанаваў у Канстытуцыі замацаваць норму, паводле якой прэзідэнтам можа быць толькі той чалавек, які служыў у арміі. Але ў гісторыі розных краінаў вельмі шмат прыкладаў, калі на чале дзяржавы станавілася жанчына і паспяхова выконвала функцыі.

У суседніх з Беларуссю дзяржавах жанчыны на пасадзе кіраўніка краіны – даволі распаўсюджаная і звыклая з’ява. Гэтак, напрыклад, у Польшчы 54-м прэмʼер-міністрам была Эва Копач (з 22 верасня 2014 года да 16 лістапада 2015 года). Яе змяніла на гэтай пасадзе Бэата Шыдла (2015–2017 гг.). У Літве першую жанчыну на пасаду прэзідэнта Далю Грыбаўскайтэ ўпершыню ў гісторыі гэтай краіны абіралі на пасаду два разы запар. Ва Украіне прэмʼер-міністрам была Юлія Цімашэнка.

На думку кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, жанчына не можа стаць прэзідэнтам. Але ў найноўшай гісторыі сотні выпадкаў, калі ў краінах свету кіравалі жанчыны. З 60-х гадоў мінулага стагоддзя па сённяшні дзень больш за 120 жанчынаў зʼяўляліся прэзідэнтамі і прэмʼер-міністрамі краінаў.

Больш за 20 дзяржаваў узначальваюць жанчыны

У Харватыі 4-м прэзідэнтам краіны грамадзяне абралі Калінду Грабар-Кітаравіч. На пасадзе яна з 2015 году і зʼяўляецца найбольш папулярным палітыкам у краіне.

Калінда Грабар-Кітаравіч.
Фота: predsjednik.hr

Летась у Славакіі на пасаду прэзідэнта краіны абралі Зузану Чапутову. У другім туры прэзідэнцкіх выбараў яна атрымала 58 % галасоў.

Зузана Чапутова.
Фота: prezident.sk

Упершыню ў гісторыі Грэцыі сёлета прэзідэнтам стала жанчына. У студзені парламент абраў на гэтую пасаду старшыню Вярхоўнага адміністрацыйнага суда краіны Катэрыну Сакелларопулу.

Катэрына Сакелларопулу.
Фота: presidency.gr

Пры гэтым жанчыны кіруюць не толькі ў дэмакратычных краінах, але паспяхова працуюць і ў мусульманскіх дзяржавах. Гэтак на пасадзе прэмʼер-міністра Бангладэшу працуе адна з самых яркіх жанчын-палітыкаў у свеце Шэйх Хасін Вазед.

Шэйх Хасін Вазед.
Фота: albd.org

Увогуле ў першую чаргу, калі вядзецца пра жанчын у сучаснай палітыцы, то немагчыма не ўзгадаць прозвішча федэральнага канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель. Мэркель кіруе краінай з 2005 году і зʼяўляецца першай жанчынай на пасадзе федэральнага канцлера Германіі.

Крыніца: bundeskanzlerin.de

Ва ўсім свеце вядомыя імёны такіх жанчынаў, якія кіравалі краінамі, як Індзіра Гандзі, Маргарэт Тэтчэр. Індзіра Гандзі – адзіная жанчына – прэмʼер-міністр Індыі.

Індзіра Гандзі. Крыніца: Library of Congress

Маргарэт Тэтчэр была першай жанчынай, якая заняла пасаду прэмʼер-міністра Вялікай Брытаніі. Прэмʼерства Тэтчэр стала самым працяглым у XX стагоддзі. Яе ахарактарызавалі «жалезная лэдзі» за міжнародную палітыку і шэраг кансерватыўных захадаў, якія сталі называць палітыкай «тэтчэрызму».

Маргарэт Тэтчэр. Крыніца: Margaret Thatcher Foundation

Увогуле самай першай у найноўшай гісторыі жанчынай – прэмʼер-міністрам стала Сірымаво Бандаранаіке, якая ў 1960 годзе ўзначаліла ўрад Шры-Ланкі, а першай у свеце жанчынай-прэзідэнтам – Ізабэль Перон, якая ўзначаліла ў 1974 годзе Аргентыну.

Hавiны
Фота Ціханоўскай, Калеснікавай і Цапкала ўзарвала сацсеткі: людзі ствараюць мэмы і па-добраму жартуюць
2020.07.16 21:47

Сяргей Ягораў belsat.eu

Стужка навінаў