«Ніякай канспіратыўнай кватэры не было». Бацька Міколы Дзядка – пра затрыманне сына


Бацька актывіста і блогера Мікалая Дзядка Аляксандр распавёў belsat.eu абставіны ягонага затрымання ў ноч на 12 лістапада.

«Яго збівалі, патрабавалі нейкую інфармацыю, якая іх цікавіла. Доўга збівалі… Гэта ўсё цягнулася ўсю ноч. Потым правезлі яго ў ГУБАЗіК, там працягвалася збіццё, а потым яго перавялі ў ІЧУ на Акрэсціна. Цяпер ён знаходзіцца там», – кажа бацька.

Родныя шукалі Міколу цягам дня. ІЧУ не даваў звестак да вечара, хаця ён знаходзіўся там. Раней следчы звязаўся з адвакатам і яго дапусцілі да Міколы на час допыту.

Дзядку інкрымінавалі «грубае парушэнне грамадскага парадку» – арт. 342 КК.

«Следчы сказаў, што падрыхтаваў дакументы аб абранні яму меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. У бліжэйшыя дні Мікола будзе пераведзена ў СІЗА №1 на Валадарскага.

Са слоў адваката, на ім ёсць сляды збіцця, на твары. Адвакат заявіла хадайніцтва аб правядзенні медычнага агляду і аб прызначэнні судова-медычнай экспертызы. Яна таксама выказалася аб неабходнасці забеспячэння ягонай бяспекі, улічваючы ўсе абставіны», – тлумачыць Аляксандр.

Паводле бацькі, Мікола трымаецца за кратамі няблага, асабліва з улікам таго, што яго «сур’ёзна збівалі».

Аляксандр Дзядок сцвярджае таксама, што ніякай «канспіратыўнай кватэры» пад Асіповічамі не было – сын проста абраў, дзе яму хацелася жыць. З Беларусі Мікола зʼязджаць не збіраўся.

«Я пытаўся ў яго. Ён адказваў, што хоча застацца ў Беларусі і жыць жыццём сваёй краіны», – дадае Аляксандр.

Hавiны
Пад Асіповічамі затрымалі ды збілі анархіста Дзядка. Яго тэлеграм-канал захапілі
2020.11.12 18:12

КА belsat.eu

Стужка навінаў