«Момент» замест ПВА. У Віцебску прапанавалі, як змагацца з фальсіфікацыямі


Свае спосабы барацьбы з фальсіфікацыямі прапаноўвае назіральнік Вадзім Кузьмін. Ягоны выбарчы ўчастак у лідарах па атрыманні скаргаў за парушэнні падчас галасавання.

Незалежны назіральнік за выбарамі Вадзім Кузьмін паведаміў «Белсату» аб парушэннях падчас галасавання у віцебскай гімназіі №5, дзе размяшчаюцца ўчасткі №7 і №8 Першамайскага раёну.

16 лютага Кузьміна на выбарчы ўчастак не пускала вахцёрша, а старшыня ўчастковай камісіі прайшла міма – і ніяк не адрэагавала.

«Што трэба было зрабіць з людзьмі, каб задзейнічаць у фальсіфікацыях нават вахцёраў школы? Ці гэта такая зараза, што страшнейшая за свіную чуму?» – пытае назіральнік.

Вадзім Кузьмін

За гэтыя дні Вадзім Кузьмін напісаў ужо 28 скаргаў у Цэнтральную камісію Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, ва ўчастковую, гарадскую і абласную камісіі ды ў пракуратуру Віцебску.

Таксама актывіст напісаў чатыры прапановы. Адна з іх заключалася ў тым, каб замяніць клей ПВА на клей «Момент» пры «апячатванні» пластыкавай празрыстай скрыні для бюлетэняў папяровай палоскай, бо клей ПВА не прызначаны для склейвання такіх матэрыялаў. Вадзім Кузьмін набыў клей «Момент» за ўласныя грошы і хацеў бязвыплатна перадаць яго ў карыстанне старшыні камісіі, але атрымаў адмову.

«На выбарчым участку №7, дзе мы назіраем, ёсць невялікія разыходжанні ў колькасці тых, хто прагаласаваў: па падліках камісіі лічба большая. Побач з намі ў гэтым жа памяшканні размешчаны ўчастак для галасавання №8. Мы падлічваем выбарцаў і там: па нашых падліках, прагаласавалі 30 чалавек. У пратаколе – 252», – кажа Кузьмін.

У адказ на скаргі, прапановы і падазрэнні чальцоў камісіі ў фальсіфікацыях, выбарчая камісія вынесла Вадзіму Кузьміну папярэджанне і аднагалосна забараніла весці фота- і відэаздымку.

«Побач са мной сядзела назіральніца, хутчэй за ўсё настаўніца з гімназіі №5. Яна пачала штосьці выказваць няўцямнае пра выбары і жыццё, а я ёй сказаў: «аброжак раба лягчэй, чым даспехі ваяра», дык яна напісала на мяне скаргу, што я яе быццам бы абразіў, – кажа Вадзім Кузьмін. – Гэтую віну таксама ўлічылі, калі зачытвалі на пасяджэнні мне «прысуд» на працягу 30 хвілін».

Выбарчая скрыня на участку №7 Першамайскага раёну Віцебску

«Выбарчыя ўчасткі знаходзяцца ў фае школы, там вельмі холадна. Але такі ж холад і ў многіх класах, – кажа Вадзім. – Чарговую скаргу 16 лютага накіраваў у пракуратуру, маўляў, калі не клапоціцеся пра дзяцей, то падумайце пра камісію і назіральнікаў. Прыйшлі з пракуратуры. Дырэктар гімназіі Людміла Дзярыба пры супрацоўніках пракуратуры бессаромна пачала пагражаць мне, што створыць мне праблемы. 17 лютага мне прынеслі адказ на гэту скаргу за подпісам Мікалая Красоўскага, галоўнага дзяржаўнага санітарнага доктара Віцебска і Віцебскага раёну, галоўнага доктара Цэнтру гігіены і эпідэміялогіі. З яго адказу вынікае, тэмпературу ў памяшканнях праверылі і яна адпавядае нормам, а вось праверыць тэмпературу паветра ў памяшканні, дзе знаходзіцца выбарчы ўчастак №7 не было магчымасці, бо я не дазволіў. Дык з гэтага адказу вынікае, што на ўчастку я кірую, а не старшыня ўчастковай камісіі. Прыйдзецца несці чарговыя скаргі ў пракуратуру», – кажа ён.

Назіральнік раіць запісваць парушэнні выбарчага заканадаўства – «самі запаўняюць, самі ставяць галачкі, не патрабуюць пашпарты» – на ўэб-камеры і выкладваць відэа ў інтэрнэт.

«Краіна павінная ведаць герояў», – дадае Вадзім Кузьмін.

Крысціна Авакумава, belsat.eu

Стужка навінаў