Моладзевая зборная па хакеі вяртаецца ў эліту


40-ы моладзевы Чэмпіянат свету па хакеі стартуе сёння ў Хельсінкі. Пасля 9-гадовага перапынку ўдзел у ім возьме Беларусь.

Адзін з самых цяжкіх матчаў для нацыянальнай дружыны, але цікавых для нас, будзе ўвечары: а 19:00 Беларусь грае з гаспадарамі турніру на арэне «Хартвал», знаёмай менскаму «Дынама», бо менавіта тут гасцей прымае фінскі «Ёкерыт».

Каманда Суомі вельмі матываваная: летась яны вылецелі з плэй-оф ужо ў чвэрцьфінале. Апроч матчу з фінамі, беларусы у групе «B» сустрэнуцца разам з аднагодкамі са Славаччыны (27 снежня), Расеі (29 снежня) і Чэхіі (30 снежня).

«Мададзёжка» вяртаецца ў эліту сусветнага хакею пасля 9-гадовага перапынку. Самым паспяховым перыядам у гісторыі нашай моладзевай зборнай быў перыяд з 2000 да 2003 года: тры гады запар беларусы выступалі ў эліце дзякуючы трэнеру Уладзіміру Маленчуку. Ні да, ні пасля яго ніводнаму спецыялісту не ўдавалася захаваць прапіску ў топ-дывізіёне хаця б адзін раз.

Цяперашні настаўнік зборнай – ураджэнец Віцебшчыны Аляксандр Бяляўскі. Ён скончыў трэнерскія курсы Шведскага хакейнага звязу і трэнерскі факультэт Універсітэту Умео. Да ўзначальвання нашай зборнай U-20 Бяляўскі быў настаўнікам «дарослай» зборнай Латвіі.

ДД, belsat.eu; фота: Паола Баса/Paolo Basso

Стужка навінаў