Моладзь БНФ збіраецца правесці акцыю ля амбасады РФ у Менску


Моладзь БНФ заклікала выйсці 26 лістапада ў 19.00. да амбасады РФ у Менску, каб асудзіць акт расейскай агрэсіі падтрымаць Украіну. Пра гэта паведаміў belsat.eu лідар арганізацыі Дзяніс Мандзік.

«Мы проста хочам выказаць сваё стаўленне да таго, што адбываецца», – дадаў ён.

Інфармацыя пра акцыю ўжо з’явілася ў старонцы Моладзі БНФ у «Facebook».

«У сувязі з адкрытым актам агрэсіі з боку РФ і нападам на ВМС Украіны заклікаем прыйсці сёння (26.11.2018) да амбасады РФ, каб асудзіць акт агрэсіі і падтрымаць Украіну і ўкраінскі народ, – паведамляецца ў заяве Моладзі БНФ у сацсетках, – З сабой можна прынесці папяровы караблік ды ўскласці яго каля амбасады».

Актывісты заклікаюць беларусаў праявіць салідарнасць з Украінай і падкрэсліваюць, што гэта «не палітычны мітынг ці пікет і мы не заклікаем вас да супрацьпраўных дзеянняў». «Гэта ўсяго толькі грамадзянскі ўчынак, які можа зрабіць кожны. Вельмі важна гэта зрабіць, каб не толькі асудзіць расейскую агрэсію і падтрымаць Украіну, але каб паказаць імперскай Расеі, што беларусы не падтрымліваюць іх дзеянні», – адзначаюць актывісты.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў