Стала вядома, якая была любімая песня Лукашэнкі ў школе


Тэлеканал ОНТ апублікаваў інтэрв’ю з настаўніцай Аляксандра Лукашэнкі. Вольгай Чуешковай. Яна была класным кіраўніком 9-га «А» александрыйскай школы, у якой вучыўся Лукашэнка.

Вольга Чуешкова. Скрыншот з інтэрв’ю ONT TV Channel

«Ён заўсёды быў лідарам і завадатарам. Усе справы ў нас пачыналіся з Сашы. Вучыўся ён добра, у яго практычна не было троек», – распавядае настаўніца александрыйскай школы.

Паводле Вольгі Чуешковай, у школьныя гады Аляксандр Лукашэнка граў на баяне, пісаў вершы і цікавіўся гісторыяй. «Яны з хлопцамі знайшлі на беразе Дняпра бівень маманта. Пазней яго забралі ў шклоўскі музей», – кажа класная кіраўніца Лукашэнкі.

Лукашэнка грае на баяне

«Калі судзіць па той літаратуры, вершам, якія ён пісаў, ён вельмі любіў сваю Радзіму. Ягоная любімая песня была: “Мой адрес не дом и не улица, мой адрес Советский Союз…” [Лукашэнка скончыў школу ў 1971 годзе, а песня была напісаная кампазітарам Давідам Тухманавым у 1972-м. – Заўв. Belsat.eu]», – узгадвае Вольга Чуешкова.

У характарыстыцы клсная кіраўніца Лукашэнкі напісала, што ён «актыўны хлопец, які цікавіцца гісторыяй і добра ведае нямецкую мову».

У 2017 годзе Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што быў «цяжкім» падлеткам і стаяў на ўліку ў міліцыі.

1 верасня 2018 г. Аляксандр Лукашэнка выступіў на школьнай лінейцы ў Александрыі – малой радзіме ягонай маці. Часамі ён прыязджае сюды разам з дзецьмі. Сёлета ён загадаў добраўпарадкаваць крыніцу побач з Александрыяй. Спецыяльна для кіраўніка Беларусі там пабудавалі верталётную пляцоўку.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў