«Могуць звольніць за адзін дзень». Былыя працаўнікі «Магілёўхімвалакно» лічаць, што трапілі ў чорны спіс


31 снежня на заводзе «Магілёўхімвалакно» звольнілі дваіх адмыслоўцаў энергатэхналагічнага цэху: Эдуарда Абакановіча і Валерыя Галубцова. Мужчыны кажуць, што кіраўніцтва адшукала фармальную прычыну, а насамрэч яны проста трапілі ў спісы нядобранадзейных. Эдуард і Валерый не задаволеныя, як да іх паставіліся на родным прадпрыемстве, якому яны аддалі больш за 20 гадоў кожны, і цяпер плануюць звярнуцца ў суд.

Эдуард Абакановіч прыйшоў на «Магілёўхімвалакно» ў 1992 годзе, спачатку працаваў слесарам КВПіА 6-га разраду, праз паўгода стаўся старэйшым майстрам, пасля дарос да начальніка службы ўчастку, далей перайшоў на пасаду вядучага інжынера-электроніка, а апошнія 5 гадоў працаваў вядучым энергетыкам. Паралельна з працаю Эдуард браў удзел у грамадска-палітычным жыцці Магілёва, чаго ніколі не хаваў, але і не змешваў з працаю.

Эдуард Абакановіч.
Фота: Белсат

«Я з’яўляюся сябрам Аб’яднанае грамадзянскае партыі з 1999 года, у 2000-х спрабаваў сябе на выбарах у гарсавет, але зразумеў, што гэта бессэнсоўна, і перастаў вылучацца. Пасля быў даверанай асобай у сяброў, а таксама распрацоўваў сістэму назірання за выбарамі. А сёлета палітычнымі падзеямі, вядома, цікавіўся, але асаблівае актыўнасці не праяўляў. І, тым не менш, менавіта мяне на заводзе палічылі небяспечным», – кажа Эдуард.

Эдуард дадае, што за 28 гадоў працы на прадпрыемстве «Магілёўхімвалакно» не меў ні адзінае вымовы ці папярэджання. Наадварот – быў галоўным дружыннікам прадпрыемства і сачыў, каб ніхто не парушаў закону. І так супала, што 10 жніўня 2020 года Эдуард стаяў на прыпынку грамадскага транспарту і трапіў на фотаздымак TUT.BY, на якім сілавікі разганяюць пратэст у Магілёве. Фота паказвае, што АМАП палюе зусім не на Эдуарда, а мужчына проста чакае свайго транспарту, і тым не менш…

Той самы здымак, на які трапіў Эдуард Абанаковіч.
Фота: TUT.BY

«На наступны дзень на працы мне паказалі гэты здымак і далі зразумець, што так рабіць нельга. Хоць што я зрабіў? Апынуўся не ў тым месцы не ў той час? Але ж мяне супакоілі, што са мной жадаюць працаваць далей і асаблівых прэтэнзіяў не маюць. Я спадзяваўся, што ўсё будзе добра. Але ўжо ў кастрычніку мне зрабілі афіцыйную вымову. Тады я думаў, што на гэтым яны супакояцца. У снежні сітуацыя паўтарылася, і мне абʼявілі ўжо другую вымову. Я лічу, што адбылося гэта на фармальных падставах. Нібыта я не склаў пераліку на запчасткі, што захоўваліся на маім працоўным месцы. Але гэтыя запчасткі там заўсёды захоўваліся і ўжо былі ўлічаныя», – патлумачыў Эдуард.

Валерый Галубцоў.
Фота: Белсат

30 снежня Эдуарда Абакановіча разам з ягоным калегам з цэху Валерыем Галубцовым выклікаў на размову начальнік упраўлення ідэалагічнай працы і кадраў Аляксандр Кажамякін.

«Мне прапанавалі звольніцца паводле пагаднення бакоў або мяне падвядуць пад артыкул. Я праявіў цвёрдасць і сказаў, што сам звальняцца не буду. Быў бы чалавек, а артыкул знойдзецца», – тлумачыць Эдуард.

Так яно і адбылося. 31 снежня Эдуарду абвесцілі пра звальненне за невыкананне без уважлівых прычын працоўных абавязкаў пры непагашаным дысцыплінарным спагнанні.

«Вядома, гэта палітычны загад. Фактычна я нічога не парушаў, але фармальна мяне зрабілі парушальнікам. Ад калегаў я ведаю, што на заводзе ёсць спіс нядобранадзейных, і я ў гэтым спісе. Я так і напісаў у загадзе пра звальненне, што не згодны з ім і лічу яго палітычна матываваным. Так яны не тое, што не далі мне копіі загаду, а літаральна выкінулі мяне з заводу і не далі забраць уласных рэчаў і адзення», – распавёў Эдуард.

Прахадная, праз якую Эдуарда і Валерыя не пусцілі забраць свае рэчы.
Фота: Белсат

Аналагічная сітуацыя і з калегам Эдуарда Валерыем Галубцовым. Ён прыйшоў на «Магілёўхімвалакно» ў 1998 годзе, пачаў працаваць слесарам. За гады працы дарос да вядучага механіка энергатэхналагічнага цэху. Валерый кажа, што ў яго быў кантракт да лютага 2022 года, сам сыходзіць ён не збіраўся, бо праца збольшага задавальняла.

«Гэта абсурд – звальняць двух ключавых працаўнікоў аднаго цэху. Мяне ўразіла, як яны цынічна прапанавалі ў якасці падарунку на Новы год не звальняць нас паводле артыкулу, а звольніцца самім паводле пагаднення бакоў. Але за што мяне звальняць? Я нічога не зрабіў. Чаму я сам мушу сыходзіць, я не разумею», – кажа Валерый.

Звальненнем абодвух мужчынаў кіраваў Аляксандр Кажамякін.
Фота: Белсат

Сітуацыя ў Валерыя гэткая самая, як у Эдуарда. У кастрычніку яму зрабілі першую афіцыйную заўвагу, у снежні заўвагу зрабілі паўторна. Першую заўвагу Валерый палічыў проста фармальнасцю і нават не звярнуў на яе ўвагі. Хоць і задумаўся, чаму гэта ў кастрычніку пачалі правяраць, а якой гадзіне ён прыходзіў на працу і сыходзіў з яе, пачынаючы з чэрвеня. І, тым не менш, дрэнных думак не было.

Другое спагнанне Валерый атрымаў роўна за тое, за што і Эдуард: адсутнасць пералікаў на запчасткі, што былі на працоўным месцы. Да 30 снежня абодва мужчыны не лічылі, што ім пагражае нешта сурʼёзнае, і працавалі, як заўсёды.

«Я не думаў, што можна звольніць за адзін дзень. Гэта была акцыя нейкіх структураў, якія ёсць на заводзе. Магчыма, нашае звальненне будзе неяк выкарыстана, каб запужаць астатніх. Насамрэч я звязваю сваё звальненне з тым, што адкрыта выказваў сваю грамадзянскую пазіцыю, не хаваў, што не згодны з вынікамі выбараў прэзідэнта Беларусі і выступаю супраць гвалту, які адбыўся пасля выбараў», – патлумачыў Валерый.

Ні Эдуарда, ні Валерыя не прыцягвалі да адказнасці паводле народных артыкулаў 23.34 ці 23.4 КаАП за ўдзел у акцыях пратэсту. Але, кажуць мужчыны, яны не хавалі сваёй грамадзянскай пазіцыі, і гэтага ўжо было дастаткова, каб напрыканцы 2020 года стацца нядобранадзейнымі на родным заводзе.

Завод «Магілёўхімвалакно».
Фота: Белсат

Паводле Валерыя, яны з Эдуардам звярталіся па дапамогу ў афіцыйны прафсаюз, але там ім нічым не дапамаглі. Наадварот – прафсаюзны камітэт паставіў сваю згоду ў загадзе аб іхным звальненні.

«Белсат» звярнуўся на завод да таго самага Аляксандра Кажамякіна, начальніка ўпраўлення ідэалагічнай працы і кадраў, каб атрымаць каментар пра сітуацыю. «Без каментара», – адказаў Аляксандр Кажамякін і павесіў слухаўку.

На думку праваабаронцы Барыса Бухеля, у справе Эдуарда і Валерыя трэба дабівацца справядлівасці праз суд. «За паўторнае парушэнне іх сапраўды маглі звольніць. Але ж мужчыны сцвярджаюць, што нічога не парушалі. У такім выпадку мы паспрабуем праз суд абскардзіць менавіта выпісаныя ім спагнанні. Калі выявіцца, што за такія рэчы на заводзе нікога гадамі не прыцягвалі да адказнасці, то мы дакажам фармальнасць і незаконнасць гэтых спагнанняў», – пракаментаваў праваабаронца.

Вольга Васільева belsat.eu

Стужка навінаў