МНС: з 15 па 17 красавіка на забруджаныя радыяцыяй могілкі можна трапіць без пропуску


Могілкі ў вёсцы Ломыш (Хойніцкі раён). Фота – REUTERS/Vasily Fedosenko

На Радаўніцу на тэрыторыю адчужэння і адсялення, якая пацярпела ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС, змогуць трапіць людзі, чые сваякі пахаваныя ў забруджанай зоне, паведамляе сайт МНС.

«Знаходзячыся на вышэйзгаданых тэрыторыях неабходна выконваць элементарныя правілы радыяцыйнай бяспекі. Асноўная колькасць радыенуклідаў знаходзіцца ў верхнім пласце глебы, лясной падсцілцы, моху, кары дрэў. Пры правядзенні работ па добраўпарадкаванні магіл неабходна выкарыстоўваць марлевыя павязкі, пальчаткі. Пасля заканчэння работ верхнюю вопратку трэба старанна страсянуць, адкрытыя ўчасткі цела вымыць прывезенай з сабою вадой», – гаворыцца ў паведамленні МНС.

Распальваць вогнішчы, паліць смецце, адхіляцца ад маршруту руху ў забруджанай зоне «СТРОГА ЗАБАРОНЕНА», нагадвае МНС.

Рэжым свабоднага ўезду ў забруджаную зону будзе дзейнічаць з 15 па 17 красавіка 2018 года, а таксама 14 красавіка на тэрыторыі Брагінскага, Нараўлянскага і Хойніцкага раёнаў ды 8 красавіка на тэрыторыі Веткаўскага раёну.

Знаходзіцца ў зонах адчужэння і адсялення ў гэтыя дні дазволена ад 9 да 17 гадзіны.

На тэрыторыі адчужэння і адсялення засталося 299 могілак.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў