«Мне званілі супрацоўнікі пракуратуры і КДБ». Павел Латушка апавёў пра падтрыманне «людзей у пагонах»


Павел Латушка. Фота: ТК / Vot-tak.tv / Belsat.eu
Павел Латушка.
Фота: ТК / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Экс-дырэктар менскага Купалаўскага тэатру Павел Латушка, звольнены пасля падтрымання мірных пратэстаў у Беларусі, заявіў у эфіры Belsat.eu, што ягоную грамадзянскую пазіцыю падтрымалі «людзі ў пагонах» і супрацоўнікі міністэрстваў.

Латушка адзначыў у эфіры тэлеканалу «Белсат», што «шэраг супрацоўнікаў іншых міністэрстваў пішуць словы падтрымкі і гавораць, што разглядаюць магчымасць падаць у адстаўку».

«Мне званілі, пісалі СМС – праз адкрытыя каналы – супрацоўнікі пракуратуры, КДБ, іншых аператыўных структураў, якія да гэтага часу адказвалі за бяспеку ў нашай краіне. Многія людзі ў пагонах падтрымалі маю думку», – заявіў ён.

Пратэст пад Купалаўскім тэатрам.
Фота: ТК / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Таксама экс-дырэктар Купалаўскага тэатру расказаў, што рашэнне пра ягонае звальненне прымалася «зверху».

«Адзін з высокапастаўленых супрацоўнікаў Адміністрацыі прэзідэнта патэлефанаваў не мне непасрэдна, а маёй дачцэ, і сказаў, што ён не прымаў удзелу ў прыняцці гэтага рашэння і нават выступаў супраць яго прыняцця. Так што я разумею, што рашэнне прымалася не прэм’ер-міністрам Беларусі, а вышэй», – апавёў Латушка.

Акрамя таго, кажа Латушка, звальненне было звязанае з адмоваю зняць з будынку тэатру бел-чырвона-белы сцяг, вывешаны работнікамі.

Пратэст пад Купалаўскім тэатрам. Прыехаў дырэктар тэатра Павел Латушка.
Фота: ТК / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Латушка таксама расказаў, што некалькі дзён таму на нарадзе ў Міністэрстве культуры Беларусі, на якой прысутнічалі кіраўнікі дзяржаўных установаў культуры, міністр культуры Юрый Бондар заявіў, што яны «павінны знішчаць у зародку ўсе праявы акцыяў, забастовак» і што «кожны нясе за гэта персанальную адказнасць».

Міністр культуры Беларусі звольніў Паўла Латушку з пасады дырэктара Купалаўскага тэатру 17 жніўня. Латушка падтрымаў пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і катаванняў затрыманых. Акторы тэатру заявілі, што збіраюцца падаваць заявы аб звальненні.

Пратэст пад Купалаўскім тэатрам.
Фота: ТК / Vot-tak.tv / Belsat.eu

MM/НМ vot-tak.tv

Стужка навінаў