«Мне зрабілі «ластаўку». Я ляжаў на падлозе, і міліцыянты мяне збівалі»


Жыхар Фаніпаля Сяргей Ткачэнка быў затрыманы міліцыянтамі 9 траўня і жорстка збіты. Падставай для затрымання стала тое, што ён знаходзіўся ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане. Цяпер Сяргей Ткачэнка спадзяецца прыцягнуць супрацоўнікаў міліцыі да крымінальнай адказнасці.

Інцыдэнт адбыўся 9 траўня ў Фаніпалі. Як распавёў «Белсату» Сяргей Ткачэнка, калі ён выходзіў разам з жонкай з крамы, да яго прычапіўся нейкі невядомы хлопец, адбыўся невялічкі канфлікт, яго штурхнулі. Гэта заўважыла міліцыя – і даставіла Сяргея ў пастарунак на падставе таго, што ён быў у нецвярозым стане. Пры гэтым хлопец, з якім ён пасварыўся збег.

«Я сапраўды ўжываў у той дзень алкаголь, але паводзіў сябе нармальна, я не парушай грамадскі парадак. У пастарунку міліцыянты нецэнзурна лаяліся на мяне, абражалі. Я ім адказаў гэтак сама. Гэта ім вельмі не спадабалася і яны пачалі мяне біць. Я сядзеў на стуле ў кайданках. Міліцыянт мяне скінуў са стула – я стукнуўся аб падлогу, разбіў нос. Мне зрабілі »ластаўку« – яны дадаткова прышпілілі за спіной маю правую нагу да кайданкоў, якія на мне ўжо былі. У такім становішчы я знаходзіўся каля 40 хвілінаў. Я ляжаў на падлозе і яны мяне білі», – распавядае Ткачэнка.

Паводле Ткачэнка, адзін з супрацоўнікаў стаў яму нагой на твар і сказаў, што яму нічога за гэта не будзе.

«Адзін з міліцыянтаў хацеў заступіцца за мяне, але ён сказаў яму – не твая сабачая справа, раблю што хачу», – успамінае Сяргей.

Пасля збіцця міліцыянты адвезлі Ткачэнка ў Дзяржынскі РАУС. Ноч жыхар Фаніпаля правёў у камеры. На наступным дзень быў суд – Ткачэнка аштрафавалі за непарадпадкаванне супрацоўнікам міліцыі і знаходжанне ў грамадзскім месце ў нецвярозым стане.

Пасля збіцця ў пастарунку судова-медыцынская экспертыза налічыла не меней за 26 траўматычных уздзеянняў на целе Ткаченка. У яго былі выяўленыя «раны на твары, верхніх канечнасцях, на тулаве, левай ніжняй канечнасці, сінякі на твары, галаве, верхніх канечнасцях, левай ніжняй канечнасці, кровазліцце на шыі, правай верхняй канечнасці, тулава, якое ўзнікла ад дзеяння тупога цвёрдага прадмета (прадметаў), даўнасць утварэння адпавядае 1-3 суткам… Колькасць і лакалізацыя цялесных пашкоджанняў сведчыць аб тым, што апошняму прычынена не менш 26-ці траўматычных уздзеянняў. Дадзеныя цялесныя пашкоджанні ў Ткачэнкі не маглі ўтварыцца ад падзення са становішча стоячы на ​​цвёрдую паверхню».

Ткачэнка звярнуўся са скаргай у Дзяржынскі раёны аддзел Следчага камітэту. Апытаныя ў ходзе праверкі супрацоўнікі міліцыі заяўлялі, што не ўжывалі фізічную сілу ў дачыненні да затрыманага. Жонку Сяргея, якая была сведкам затрымання, следчы не апытаў. Супрацоўнік СК таксама патлумачыў Ткачэнка, што запісы камер відэаназірання ў пастарунку ў Фаніпаля былі страчаны. У выніку 12 чэрвеня следчы вынес пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце збіцця, бо «дастатковых доказаў» збіцця жыхара Фаніпаля знойдзена не было.

«Атрымліваецца, што наша міліцыя збівае чалавека і пасля немагчыма гэта даказаць», – абураецца Сяргей.

Цяпер Сяргей Ткачэнка пры дапамозе праваабаронцаў ПЦ «Вясна» падаў скаргу на імя начальніка Дзяржынскага РАСК, паколькі лічыць праведзеную праверку няпоўнай і павярхоўнай.

 

Ігар Ільяш, belsat.eu

Стужка навінаў