«Мне сказалі: у Печах працягваюць адбіраць грошы ў жаўнераў», – маці Коржыча


Маці Аляксандра Коржыча Святлана на гэтым тыдні не будзе прысутнічаць на судовым паседжанне па справе аб гібелі сына. Як яна распавяла belsat.eu, у Пінску людзі падыходзяць да яе на вуліцы і распавядаюць, што ў барысаўскай «вучэбцы» у жаўнераў тэрміновай службы працягваюць адбіраць грошы.

«Я ўжо казала, што пачынаць суд трэба было з афіцэрскага складу, але нікога з камандавання я на судзе не ўбачыла. Акрамя таго, ніхто не ўзгадвае пра псіхіятрычныя камісіі, куды вазілі Сашу незадоўга да смерці», – гаворыць Святлана пра свае ўражанні ад працэсу на гэтым этапе.

У маці па-ранейшаму застаюцца пытанні: «Чаму яго не камісавалі, не адправілі дадому з медычнай часткі? Чаму ў сына былі завязаныя рукі? Як ён сам сабе нанёс удары ў галаву, сляды як якіх бачныя на целе?».

Святлана паказвала фотаздымкі цела сына пракурорам, але адказаў на свае пытанні ўсцяж не атрымала.

На дадзены момант жанчына з’ехала з Менску ў Пінск, бо на працы ёй не даюць адпачынак.

«Трэба зарабляць, нешта есці, а на працы не дазволілі яшчэ сысці ў адпачынак. Калі ўсё ж дазволяць, то на наступным тыдні планую вярнуцца на працэс».

Паводле Святланы Коржыч, на кірмашы, дзе яна працуе, днямі да яе падышла жанчына і распавяла, што «у Печах усё працягваецца».

«Яна сказала: там па-ранейшаму патрабуюць грошы ад “срочнікаў”, бацькам даводзіцца дасылаць грошы на карткі. Але потым гэтая жанчына заўважыла, што за нашай размовай назіраюць некалькі асобаў у цывільным і спынілася са словамі “з вамі, хіба, нават небяспечна размаўляць”. Наогул я ўвесь час адчуваю падвышаную ўвагу да сябе, кантралююць літаральна кожны крок», – кажа яна.

Суд па факце гібелі шараговага Аляксандра Коржыча распачаўся 8 жніўня. На лаве падсудных – трое сяржантаў 72 АНЦ, што знаходзіцца ў Пячах пад Барысавым. Ягора Скуратовіча, Яўгена Бараноўскага і Антона Вярэжыча абвінавачваюць у атрыманні хабару і злоўжыванні ўладаю. Пацярпелымі ў справе праходзяць 22 жаўнеры, якія зведалі дзедаўшчыну ў «вучэбцы». Паводле пракурора і паказанняў пацярпелых, сяржанты неаднаразова ўжывалі фізічны гвалт супраць сваіх падначаленых, вымагалі грошы, прымушалі іх набываць рэчы ў краме, маральна здзекаваліся.

3 кастрычніка 2017 году ў падвале вайсковай часкі ў Печах шараговага Коржыча знайшлі павешаным з завязанымі нагамі і майкай, нацягнутай на галаву. Афіцыйная версія СК – «самагубства», аднак шмат хто з гэтым не пагаджаецца. Маці Коржыча Святлана катэгарычна адмаўляе гэтую версію і лічыць, што сына забілі ў войску.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў