«Мне маглі інкрымінаваць што заўгодна». Суд над дырэктарам Музею гісторыі Магілёва Аляксеем Бацюковым

16 кастрычніка ў Магілёве адбыліся адразу 2 судовыя працэсы над дырэктарам Музею гісторыі Магілёва Аляксеем Бацюковым. Яго судзілі за ўдзел у мірных мітынгах і шэсцях у жніўні і верасні ў Магілёве. Раніцай 16 кастрычніка суд Ленінскага раёну прысудзіў яму штраф у памеры 10 базавых велічыняў (270 рублёў), а ўвечары суд Кастрычніцкага раёну дадаў яшчэ адзін штраф памерам 13 базавых велічыняў (351 рубель).

Аляксей Бацюкоў, дырэктар Музею гісторыі Магілёва. Фота: Вольга Васільева / Белсат

На абодвух судах Аляксей Бацюкоў, дырэктар Музею гісторыі Магілёва, трымаўся адзінай пазіцыі: ён прызнаў, што браў удзел у мерапрыемствах, але не прызнаў за сабой віны.

«Я знаходзіўся на акцыях па двух прычынах. Па-першае, я адчуў парушэнне выбарчых правоў: на маім участку не быў вывешаны пратакол, а некаторых кандыдатаў, якім я сімпатызаваў, пазбавілі магчымасці ўдзельнічаць у выбарах. А па-другое, як гісторык, я меў прафесійны інтарэс. Паколькі я павінен фіксаваць гістарычныя падзеі, як сведка, як назіральнік, то мне трэба было быць там, сярод людзей, адчуваць іх настрой, мэты», – заявіў Бацюкоў на судзе.

У пратаколах Бацюкова было напісана слова ў слова тое самае, што ў сотнях іншых пратаколаў паводле ч.1. арт.23.34 КаАП – «ішоў у калоне людзей, якія выкрыквалі лозунгі, мелі апазіцыйную сімволіку, махалі рукамі… з мэтай публічнага выказвання незадавальнення прэзідэнцкімі выбарамі».

Гэты пратакол Бацюкоў таксама не пакінуў без увагі. Па-першае, ён адзначыў, што бел-чырвона-белы сцяг калісьці быў дзяржаўным і наўрад ці зараз гэты сцяг занесены ў нейкі спіс апазіцыйнай сімволікі. І па-другое, у пратаколе пазначана, што людзі выказвалі сваё незадавальненне з выбарамі прэзідэнта, але гэта не так.

«Людзі выступалі не супраць выбараў, а супраць парушэння заканадаўства падчас выбарчай кампаніі», – удакладніў Бацюкоў.

На судзе ў Аляксея адбылася рэдкая рэч. Падсудны сам паказваў суддзі сябе на відэа.

«Вось гэта я! Я не адмаўляю таго, што я там быў, ішоў па ўсяму маршруту» – казаў Бацюкоў.

«Калі я там знаходзіўся, то разумеў, што пасля мне могуць інкрымінаваць, што заўгодна. Але там я рэалізоўваў свае грамадзянскія правы, таму парушальнікам сябе не лічу», – так Бацюкоў адказаў на пытанне суддзі Вольгі Краўчанка, ці лічыць ён сабе вінаватым.

Пратэстны марш у Магілёве. Фота: Вольга Васільева / Белсат

У верасні частка калектыву Музею гісторыі Магілёва таксама рэалізавала сваё Канстытуцыйнае права выказваць меркаванні. Працаўнікі музею напісалі калектыўны зварот да беларусаў і да ўладаў з патрабаваннямі новых свабодных выбараў. Пасля гэтага быў яшчэ адзін зварот у падтрымку Аляксандра Балберава, якога звольнілі з мастацкага музею імя П. Масленікава за грамадзянскую пазіцыю.

«Гэтыя звароты прывялі да бурнага абмеркавання ўнутры калектыву, бо не ўсе падтрымалі гэты крок. Але я адразу сказаў усім супрацоўнікам, што любое меркаванне не будзе ніяк праследавацца. Калі вы выказаліся – вы не перайшлі межы законаў».

На сябе Аляксей ніякага ціску не адчувае, але ўпэўнены, што тыя звароты, як і самі мітынгі, не засталіся незаўважанымі. «Адзінае, чаго шкада, дык гэта цудоўнага і таленавітага працаўніка – намеснік дырэктара Музею гісторыі Магілёва Яўген Балбераў пасля выбараў напісаў заяву на звальненне на знак салідарнасці са сваім братам».

«Трэба выкараняць у беларусаў тое, што я называю прэзумпцыя віны. Людзі не павінны баяцца знаходзіцца на мірным мерапрыемстве, не павінны баяцца выказваць сваё меркаванне», – сказаў на развітанне Аляксей Бацюкоў.

Вольга Васільева, belsat.eu

Hавiны