Міжнародныя прафсаюзы просяць ЕЗ паўплываць на беларускія ўлады, каб суд «перагледзеў» справу РЭП


Міжнародныя прафсаюзы накіравалі ліст вярхоўнаму прадстаўніку Еўразвязу ў замежных справах і палітыцы бяспекі ў звязку з рашэннем суда па «справе РЭП».

Ліст да прадстаўніка ЕЗ у замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыкі Магерыні
Суд Савецкага раёну Менску пакараў кіраўнікоў прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка 4 гадамі абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, прызнаўшы іх вінаватымі ў нявыплаце падаткаў у асабліва буйным памеры.

Ліст апублікаваны на сайце Еўрапейскага прафсаюзу IndustriALL. У ім прафсаюзы называюць нядаўна асуджаных кіраўнікоў беларускага незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка палітвязнямі і просяць прадстаўніцу ЕЗ паўплываць на беларускія ўлады, каб суд «перагледзеў» справу Фядыніча і Комліка.

Прафсаюзы IndustriALL, ITUC, industriAll Europe і ETUC мяркуюць, што рашэнне суда было палітычна матываваным.

«Мы лічым, што гэтае судовае рашэнне – ціск на кіраўніцтва прафсаюзу, каб падарваць дзейнасць прафсаюзу і зрабіць немагчымым яго актыўны ўдзел у жыцці грамадства. Такім чынам, прысуд, вынесены судом супраць Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка, з’яўляецца парушэннем правоў чалавека і свабоды асацыяцыяў, парушэннем нацыянальнага заканадаўства і міжнародных абавязкаў Беларусі», – гаворыцца ў лісце.

Суд па «справе РЭП» распачаўся сёлета 30 ліпеня. Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка абвінавачвалі ва «ухіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу Беларусі).

Паводле следчых, прафсаюзныя лідары мелі рахунак у літоўскім банку SEB, на які паступіла 140 000 еўраў ад нерэзідэнтаў Беларусі. Следства высветліла, што гэтыя грошы ўвозіліся ў Беларусь чальцамі прафсаюзу і пазней перадаваліся Комліку і Фядынічу. У выніку сума нявыплачаных падаткаў склала каля Br 22 000.

«Суд уяўляў сабой захапляльнае відовішча. Адным іх самых яркіх эпізодаў стала нечаканае прызнанне платнага інфарматара КДБ. Але ён таксама стаў і пародыяй на правасуддзе», – пракаментаваў вынік заключнага судовага паседжання па «справе РЭП» юрыст Ілля Нузаў, кіраўнік аддзелу Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека (International Federation for Human Rights), які назіраў за працэсам. «Не было ніякіх паказанняў або іншых доказаў, якія маюць дачыненне да інкрымінаванага перыяду, і ўлады сфабрыкавалі практычна ўсю доказную базу для прыняцця рашэння, якое пацвярджае палітычны характар ​​справы», – дадаў юрыст.

Беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі заклікаюць перагледзіць прысуд прафсаюзным лідарам.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў