Міжнародныя эканамісты прагназуюць у наступным годзе запавольванне беларускай эканомікі


Рост эканомікі нашай краіны ў 2019 годзе скароціцца да адзнакі ў 2,5 %. Такі прагноз апублікавалі Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця і Сусветны банк.

Паводле прагнозу ЕБРР сёлета ВУП вырасце на 3 %. У апублікаваным дакуменце змяшчаецца і прагноз экспертаў банку адносна росту расейскай эканомікі. Так, па іх версіі ў 2018 і 2019 гадах расейскі ВУП павялічыцца на 1,5%. А вось эканоміка Украіны, нягледзячы на вайну, у 2018-м прыбавіць адразу ж 3,5 адсоткі, а ў наступным годзе – 3 %.

«Перспектывы росту працягваюць залежаць ад глыбіні структурных рэформаў і магчымасці пашырэння ролі прыватнага сектару ў стварэнні дадатковага кошту», – тлумачаць эксперты ЕБРР.

Падобныя лічбы ў прагнозе для айчыннай эканомікі падрыхтавалі і эксперты Сусветнага банку. Эканамічны рост Беларусі запаволіцца да 2-2,5 % у 2019-2020 гадах. Сусветны банк адзначае, што для стымулявання развіцця гаспадаркі неабходныя далейшыя структурныя змены для павышэння вонкавай канкурэнтаздольнасці.

СК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары