Міжнародны ПЭН заклікае Беларусь карыстацца беларускай мовай


Асамблея дэлегатаў Міжнароднага ПЭНу на 85-м штогадовым Кангрэсе, які адбываецца ў Маніле (Філіпіны) 1–5 кастрычніка выказвае занепакоенасць працяглай стыгматызацыяй беларускай мовы ў Беларусі, дзе ўлады ўжо амаль тры дзесяцігоддзі імкнуцца замацаваць дамінаванне расейскай мовы.

У закліку ПЭНу адзначаецца, што ўлады цураюцца беларускай мовы. На афіцыйным узроўні ўсе законы напісаныя па-расейску. Абмяжоўваецца доступ да адукацыі на беларускай мове: толькі 13 % вучняў навучаюцца па-беларуску, а ў краіне няма ніводнага ўніверсітэту з беларускай мовай выкладання. У Беларусі 85 % кніг выдаюцца па-расейску.

«Расейская мова дамінуе і ў беларускай медыйнай прасторы, якая застаецца пад дзяржаўным кантролем. «Белсат» – першы і адзіны незалежны тэлеканал у Беларусі – сёння адыгрывае вызначальную ролю ў папулярызацыі беларускай мовы і ў доступе да альтэрнатыўнай інфармацыі», – адзначаецца ў закліку ПЭНу.

У той жа час «Белсат» не можа платна прасоўваць уласны відэакантэнт на сваіх жа «YouTube»-каналах, бо «Google Ads» не падтрымлівае беларускай мовы. Гэта сур’ёзна ўплывае на эфектыўнасць спробаў пашырэння глядацкай аўдыторыі ды распаўсюду пэўнай і спраўджанай інфармацыі.

Асамблея дэлегатаў Міжнароднага ПЭНу заклікае Беларусь: дзеяць згодна з Артыкулам 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які заканадаўча замацаваў статус беларускай мовы як дзяржаўнай.

Асамблея дэлегатаў Міжнароднага ПЭН-клубу заклікае «Google» ды іншыя інтэрнэт-платформы: прызнаць беларускую мову і забяспечыць беларусам магчымасць выказвацца і свабодна камунікаваць з прадстаўнікамі ўласных супольнасцяў ды іншымі людзьмі на беларускай мове

 

СК belsat.eu

Стужка навінаў