Мітынг прадпрымальнікаў на Кастрычніцкай плошчы скончаны: людзі зноў збяруцца 28 лютага


13:40 Акцыя скончылася. Нікога не затрымалі. Прадпрымальнікі прынялі рашэнне сустрэцца 28 лютага ў нядзелю а 15-ай гадзіне.

13:35 Людзі падыходзяць да працаўнікоў камунальных службаў, якія прыбіраюць плошчу. Тыя выбіваюць тэхніку з рук журналістаў і лаяцца на іх матам.

13:28 Людзей крыху паменела. Надвор’е не спрыяе, вельмі вільготна і сільны вецер. Зноў заварушылася прыбіральнай тэхніка.

 

13:23 Мітынгоўцы грэюцца і п’юць гарбату.

Прадпрымальніца з Полацку:

«Я прыеду наступны раз сюды, бо ўсё ж спадзяюся яшчэ. За 27 гадоў, што я гандлюю, нас як толькі не называлі: і спекулянты, і блохі. Калі нічога не зменіцца, то зʼеду з Беларусі. Буду займацца гандлем, толькі не тут».

13:20 Удзельнікі паставілі імправізаваны стэнд. Людзі падыходзяць і пішуць на ім.

13:17 Выступае прадпрымальніка Алесь Макаеў. Прапануе сабрацца ў настпуную нядзелю.

13:16 Прадпрымальніца з Полацку:

“Ня ведаю, хто выйграў. Цяпер усе ездзяць у Расею”.

13:13 Прадпрымальнік з Гомля, 33 гады:

«ІП, што цяпер гандлююць, на 10 адзінак тавару маюць дакументы, на астатняе – не. На джынсы, якія цяпер на мне, ніхто сертыфікату не паказаў. Я сам прыйшоў па рынку і спытаўся. То бок людзі хочуць за нашымі спінамі зарабіць, пакуль мы тут».

13:10 Прадпрымальніца са Светлагорску:

“На адну плошчу 10 прыборачных машын. Ніколькі такога не было. Няхай прыедуць у Светлагорск і пачысцяць.”

13:02 Прыборачныя машыны заехалі на плошчу. Іх праца заглушае выступоўцаў.

12:55 Людзі скандуюць «У адстаўку!»

Прадпрымальніца з Барысава:

«14 год гандлюю дзіцячымі рэчамі. Апошнія 1,5 месяцы брала беларускі тавар – увесь у мяне застаўся. Не могуць нам прапанаваць таго асартыменту, што прапануе Расея. Цяпер я не працую. Ясна, што ўказ не адменяць, але спадзяюся на паслабленні. Калі нічога не будзе, то гандляваць больш не буду. Раней я працавала ў Белкаапсаюз, але ён разваліуся, тады я пайшла ў ІП».

12:52 Слова бярэ Мікалай Статкевіч.

“Вы сапраўдныя людзі. Вы не быдла і не рабы. Вы змагаецеся за ўсіх беларусаў”.

 

12:50 Слова ўзяў Павел Севярынец.

“Прапаную прапанаваць патрабаванне аб адстаўцы прэм’ер-міністра і выказаць недавер Аляксандру Лукашэнку”.

Людзі крычыць “За”.

12:49 Людзі скандуюць “Жве Беларусь”.

12:45 Мікалай Статкевіч:

“Калі б людзі стаялі каля Адміністрацыі прэзідэнта ў гэткай колькасці, былі б саступкі. Але людзі пабаяліся ісці. Некалькі соцен каля Адміністрацыі больш б наполахалі ўладу, чым некалькі тысяч тут”.

12:40 Міліцыянты пераследуюць людзей і спрабуюць іх перапісаць.

12:35 Штурханіна пакуль скончылася. Міліцыянты сышлі. Прамаўляе прадпрымальнік.

12:34 Людзі ўзялі ў абарончае кола Анатоля Лябедзьку, каб міліцыянты не вырвалі ў яго мегафон і не прыпынілі мітынг.

12:30 Адзін з міліцыянтаў прабраўся да Лябедзкі і піша пратакол. Людзі скандуюць “Свабоду!”.

12:26 Прадпрымальнікі робяць пераклічку. Падыходзяць людзі. Более міліцыянтаў.

12:25 Міліцыянера, які хацеў скласці пратакол на Анатоля Лябедзку, адціснулі з прыступак Палацу Рэспублікі.

12:23 Імправізаваны мітынг пачынаецца. Прамаўляе Анатоль Лябедзька.

12:20 Прадпрымальніца Сафія, лідарка са Слуцку:

«Мы чакаем, што прыйдуць яшчэ людзі. Сёння тут мала менскіх. Яны перабудаваліся на іншы тавар. Указ 222 няхай калі не адменяць, а перапрацуюць так, людзі змаглі выйсці на працу».

12:17 Анатоль Лябедзька «Мы падрыхтавалі і раздрукавалі патрабаванні, каб улада ведала пра праблемы».

Людзі падцягваюцца. Пра свой удзел заявілі прадпрымальнікі з Магілёва, Полацку, Светлагорску, Крупак.

Лунае бел-чырвона-белы сцяг.

12:13 На акцыі прыйшлі журналісты і невялікая група прадпрымальнікаў, некаторыя прыехалі сем’ямі. Ёсць Анатоль Лябедзька і Алесь Макаеў.

12:07 На вуліцы Энгельса стаяць людзі ў цывільным. Некаторыя з іх з рацыямі. Каля тэатра лялек аўтобусы і аўтказак.

12:05 У Горадні прадпырмальнікі таксама збіраюцца на мітынг.

 

12:00  Каля будынку Адміністрацыі прэзідэнта заўважаныя Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў, Павел Севярынец.

11:56 Да запланаванага пачатку мітынгу некалькі хвілінаў. На Кастрычніцкай плошчы нікога няма.


 

Іпэшнікі, не згодныя з указам № 222, зноў збіраюцца ў цэнтры Менску на акцыю пратэсту.

Паводле розных ацэнак, у мінулай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў на Кастрычніцкай паўдзельнічалі ад некалькіх соцень да тысячы чалавек. Мітынг тады падтрымалі апазіцыйныя палітыкі. Відавочна, далучацца і цяпер. Былы палітвязень Мікалай Статкевіч запрапанаваў зазірнуць у госці да кіраўніка Беларусі.

Учора ў праграме «Тыдзень» тэлеканалу СТВ« намеснік міністра гандлю Беларусі Ірына Наркевіч заявіла, што ўлады не збіраюцца адмяняць указ №222 і працэдуру сертыфікацыі.

Указ №222 пазбавіў прадпрымальнікаў права гандляваць несертыфікаванымі замежнымі таварамі лёгкай прамысловасці. Паводле Указу, гандаль магчымы толькі ў выпадку наяўнасці дакументаў, якія пацвярджаюць якасць і паходжанне тавараў.

Глядзіце таксама >>> Зацягнулі ў светлагорскі РАУС ды пратрымалі тры гадзіны, пакуль увесь транспарт не зʼехаў у Менск – як затрымалі грамадскіх актывістаў Алеся Макаева і Вячаслава Сіўчыка

ХМ, МР, УГ, ДР, belsat.eu

Стужка навінаў